Читать онлайн «Віленскія Камунары»

Автор Горецкий Максим

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

І. СЯМЕЙНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына...

Янка Купала

Продкі мае з бацькавага боку былі сяляне-крапакі польскіх паноў Хвастуноўскіх і жылі ў вёсцы Жабракоўцы, Брудзяніскай воласці, Свянцянскага павета, Віленскай губерні.

Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Прадзед быў чалавек упарты, грубіяніць не кідаў. Нарэшце, на злосць пану, задавіўся ў лесе, на горкай асіне, калі быў яшчэ малады гадамі.

Прабабка мая, таксама ў маладых гадах, аслепла, ці то ад слёз, ці то ад трахомы. І жабравала. Вадзіў яе на матузку маленькі сын, адзінае дзіця — гэта мой дзядуля Антось Мышка.

Аднойчы трапілі яны ў дарозе пад вельмі страшную навальніцу. І схаваліся пад хваінку. А ў тую хваінку пярун і ўдарыў. Прабабку спаліў, а дзядулю толькі аглушыў.

Вырас дзядуля ў дзядзькавай сям’і. Калі прыгон скончыўся і сялянам давалі зямлю, ён таксама атрымаў надзел. Дзядзька ажаніў яго — і аддзяліў, не вельмі пакрыўдзіўшы.

Тут бы дзядулю толькі і жыць! Але праз год — памёрла жонка, першы раз радзёмшы, і дзіця прыйшло на свет нежывое... Тады дзядуля, таксама некаму на злосць, пачаў троху выпіваць.

Прапіў жончыны спадніцы, прапіў ступу, прапіў жорны, прапіў каня і калёсы. Засталася толькі хата. Падаткі і нядоімкі выперлі яго самога з хаты — у мястэчка Брудзянішкі батраком.

* * *

Спярша служыў ён там у мешчаніна, кульгавага папа Пстрычкі, што меў многа зямлі і вялікі сад.

Пан Пстрычка паходжаннем быў шляхціц гербовы, паперы меў, як сам хваліўся, «аж ад круля Стахвана Баторага». А потым, як людзі казалі, паперы ад часу вельмі звільгатнелі, зашмальцаваліся, і ён аднаго разу паклаў іх на трубу падсушыць, а праклятыя кошкі з’елі.

Кульгавым жа зрабіўся «з таго шэсцьдзесёньць тшэцего року», уцякаючы дамоў з касцёла, калі наскочылі казакі на польскую працэсію.

І быў пан Пстрычка, па-першае, наогул маланхольны.

Вусоў ніколі не падкручваў і пазіраў па ўсіх воўкам. А па-другое — быў ён праз меру чулы як наконта свайго гонару, так і наконта свайго фізічнага дэфекту.

Аднойчы, седзячы ў сваім садочку, у саламянай будзе, падслухаў ён, як дзядуля размаўляў з некім чужым на вуліцы. І размаўляючы, не дадаў да слова «Пстрычка» — слова «пан».

Потым, на пытанне: «Каторы ж гэта Пстрычка? Кульгавы той, ці што?» — адказаў проста: «Але, але, кульгавы». І не дадаў: «з таго шэсцьдзесёньць тшэцего року».

Пан Пстрычка выскачыў, кульгаючы, на вуліцу, як люты леў. І ад гневу так запыхаўся, што не мог прадыхнуць слова. Калі ж распіраці яго троху перастала, ён з найвялікшаю пагардаю сказаў дзядулю:

Католік, але — хам!

Дзядуля меў таксама гарачую натуру. Толькі пакуль быў маладзейшы, дык яшчэ мог сябе стрымаць.

Ён толькі крыва, падкусліва ўсміхнуўся, злёгенька пашлёпаў сябе далоняю па задняй часці цела — і пану свайму адказаў:

Пан... напхан!

Пстрычка кінуўся да яго біцца. А дзядуля і з месца не скрануўся, ні наперад, ні назад. Выставіў кулак (праўда, невялікі, бо сам быў невялікі) — і стаяў, як скаліна.

* * *

І паступіў дзядуля фурманам да брудзяніскага купца, гаспадзіна Махлярчыка, што з маладосці быў чалавечак вельмі бедны, скупліваў па вёсках шчацінку, скурацінку, хадзіў дробненькі, мізэрны, брудны і бародку сваю рудую пе часаў ніколі.