Читать онлайн «Апавяданні розных гадоў»

Автор Адам Глобус

Адам Глобус

Апавяданні розных гадоў

© Адам Глобус, 2015

© Logvino Literaturos namai, 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

1970

Апавяданне пра мужнасць

Помста

Шэрая раніца. Туман. Ісці ў школу не хацелася. Калі і каму хочацца ісці ў школу? Такіх не ведаю.

Я ішоў уздоўж драцяной агароджы дзіцячага садка і думаў, што адсяджу першыя ўрокі і ўцяку.

Маё меца ў класе за другой партай, што ў сярэднім з трох шэрагаў. Побач сядзіць Света. Яна добра вучыцца, як і я – без траякоў. У пятым класе хлопчык яшчэ павінен сядзець з дзяўчынкай, завядзёнка.

У шостым можна хлопцу сядзець з хлопцам, а ў пятым даводзіцца сядзець з абсыпанай рабаціннем Светай.

У шостым я буду сядзець з Валікам. Мы дамовіліся. На перапынку я прапаную Валіку разам уцячы са школы. Хацеў яшчэ перад урокамі прапанаваць уцёкі, але ён спазніўся. Аўтобус, які вёз школьнікаў з вёскі ў горад, затрымаўся, і вяскоўцы паспазняліся.

Першым урокам стаяла гісторыя. Выкладаў яе завуч старэйшых класаў. Урокі завуча лепей не прагульваць. Зразумела. Другім урокам была арыфметыка з чарговай кантрольнай. Кантрольную варта напісаць. Спевы, мову і батаніку я вырашыў прагуляць.

На перапынку я сказаў Валіку:

– Пасля арыфметыкі ўцячом. Проста ўцячом, нават у медпункт заходзіць не будзем. Аднаму яшчэ можна выпрасіць даведку, адразу дваім яны даведку не дадуць.

– Куды пойдзем? – пацікавіўся Валік.

– Можна ў кіно, можна ў горадзе пагуляць. . .

– Гуляць халодна, туман. Падобна на тое, што дождж пойдзе. Лепей адразу ў кіно.

– З партфелямі ў кіно не пусцяць. . .

Такая рэальнасць: усе кінатэатры атрымалі загад не прапусцаць у залу школьнікаў з партфелямі. Калі ты з партфелем кіруешся ў кіно, значыць – прагульшчык.

– Партфелі схаваем.

– Дзе ты думаеш хаваць партфелі? – у пытанні Валіка чуецца трывога.

– Пад мостам. . .

Пасля кантрольнай мы выбеглі са школы ў туман. Уцякаць са школы трэба хутка, каб адбегчыся як далей і не сустрэць на дарозе каго з настаўнікаў. Калі будзеш таптацца каля школы, дык абавязкова наляціш на якога географа ці фізкультурніка. Сустрэнеш школьнага ваўкалака і пачуеш:

– Прагульваем?

Давядзецца нешта выдумляць і хлусіць. Ілгаць не люблю. Таму мы хутка бяжым ад школы да вінзавода. Пад завадскім плотам адпачываем, пераводзім дых і далей павольна ідзём да моста.

Мост вялікі, пад ім ляжыць ажно шэсць чыгуначных дарог. Каля самога моста стаіць белы дамок чыгуначнікаў. За дамком пачынаецца высозны турэмны плот. Пад мостам, у бетоннай нішы мы пакідаем партфелі. Засоўваем іх як найглыбей, каб выпадковы мінак не заўважыў.

У кінатэатры «Беларусь» дзве залі. Там заўсёды можна набыць квіткі. Недаверлівая кантралёрка рве нашы квіткі і пытаецца:

– Вы, часам, школу не прагульваеце?

– Не! Мы на другую змену ходзім. У нас нават гальштукаў няма, – упэўнена кажу хітрай кантралёрцы.

Гальштукі мы знялі яшчэ каля вінзавода і пахавалі ў патрфелі.

Кінасвет радуе. Ён шырокі, шматколерны, гераічны і не падобны да нашага вечнага халоднага, золкага і затуманенага жыцця.

З кінатэатра вяртаемся на мост. Па дарозе абмяркоўваем дасканалае майстэрства галоўнага кінагероя кідаць вялікі нож.