Читать онлайн «Кветка пажоўклая»

Автор Михась Зарецкий

Міхась Зарэцкі

КВЕТКА ПАЖОЎКЛАЯ

Апавяданні, аповесць

Падрыхтаванае на падставе: Міхась Зарэцкі, Кветка пажоўклая. Апавяданні, аповесць, — Мінск: Выдавецтва, 2002. — 431 с.

Copyright © 2015 by Kamunikat. org

У Саўках

1

У Саўках чорная, густая, што дзёгаць, ноч распаўзлася па хмызняку. Заляпіла ўсе шчылінкі, усё ў адну цемру зліла. Равы патуліліся, схаваліся ў воўне арэшніку. Нешта ў сабе затаілі - таемнае, страшнае - і ждуць-падсцерагаюць, гатовыя праглынуць у сваё чорна-аксамітавае нутро. Маўчаць... Ды і ўсё навакол маўчыць у нейкім чакаючым напружанні. Быццам во-во нешта здарыцца - дзікае, страшэннае...

Далёка-далёка, на колькі вёрст цягнуцца бяздонныя прорвы-равы. Папарэзалі яны туды і сюды шырокае ўзгор'е. Быццам волат-асілак праехаў з сахой велізарнай і глыбокія раны парабіў у целе зямлі. Раны зараслі хмызняком-поўсцю, але такімі ж глыбокімі засталіся...

Страшна ноччу ў Саўках. Узгоркі, абрывы жывымі становяцца, сочаць вачыма чорнымі... Быццам з пагрозай гавораць: «Ану-тка, увайдзі!. . » І мала хто адважыцца ў нетры пайсці, як цяжка заляжа ў равы хмурная ноч...

Ціха ў Саўках... Але зыкі чуваць... Ціхія зыкі-шэпты. Саўкі шэпчуць скрыдламі птушак-начніц, цікуючым хрустам сухіх ветак пад лапамі дзікіх звяроў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У самай глушы, там, куды вока людское не загляне ніколі, сумна-дрыготны бляск прашчупвае цёмныя веткі. Вогнішча... Людзі навакол... На тварах іх вогнішча грае дрыжачымі плямамі.

Воддаль, афарбаваныя ў жоўта-чырвонае, галіны схілілі галоўкі і слухаюць... А за імі - цемра-жудасць...

Іх пяцёра... Адцятых ад усяго свету. Уцяклі, вырваліся з кіпучага мора жыцця. Ад іх адраклося жыццё, - і яны ад яго адракліся. У Саўках знайшлі сабе схову.

Дзеці зямлі. Ад свае вёскі таксама адарваліся. Перш была сувязь: хлопцы прыходзілі, нават дзяўчаты часамі заблуджвалі. Апавядалі, што дзеецца там. Есці насілі даволі. Саломы на будку, таго-сяго.

А потым усё слабей ды слабей сувязь трымалася. Нешта расло паміж тымі і гэтымі... Нейкая сцяна. Асабліва як маладыя пайшлі. Тыя сюды схавацца не адважыліся, пайшлі ваяваць. І цяпер - як адвярнула ўсю вёску...

Ужо з тыдзень, як не было нікагутка. Два дні ўжо, як есці няма чаго. Пяклі грыбы, ягады збіралі, але ўсё ў жываце нешта ссе, нешта цягне...

Цяпер - хто ляжыць, хто сядзіць вакол вогнішча, і кожны думае сваю думку асобную. Маўчаць, а ў кожнага з вачэй глядзіць пытанне, рашуча паўстаўшае:

- Што далей?. .

Грышка маўчанку парушыў...

- Ну што, хлопцы, прызаўнылі? Га?. . Дрэнна, кажаце? Што, Смоўж, нос павесіў?. .

Смоўж, або Змітра Кандратаў, павярнуў ад свету ў цень свой твар. Не сказаў нічога.

- Во што, хлопцы! Трэба думаць. Ці тое, ці другое. Не здыхаць жа...

Сцёпка ўзняў галаву...

- Жраць хочацца. Здаецца, вала б з'еў... Вунь Смоўж, халера на яго, яўляцца ўжо надумаў... Га, Смоўж?. .

Невядома, хто з іх падумаў аб гэтым: ці Сцёпка, ці Смоўж. Мусіць, у абодвух думка гэта лунала.

Смоўж і не зварухнуўся - быццам і не да яго казалася. А Грышка-завадатай пачуў хістанне сярод сябрукоў. Каб зніштожыць яго, гукнуў бадзёра-пагрозна: