Читать онлайн «Гісторыя хваробы»

Автор Андрэй Федарэнка

Андрэй Федарэнка

ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ

Падрыхтаванае на падставе: Андрэй Федарэнка, Гісторыя хваробы: Аповесць — Мінск: Бібліятэчка часопіса Маладосць, 1989.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

© Камунікат. org, 2010

Гісторыя хваробы

Аповесць

Человек переживает землетрясения, эпидемии, ужасы болезней и всякие мучения души, но на все времена для него самой мучительной трагедией была, есть и будет — трагедия спальни.

Л. М. Талстой
Вяргейчык

Увосень, як толькі скончылася «бульба» і пачаліся заняткі, у інстытуце толькі і гаварылі пра стыпендыю, якая налічвалася цяпер у залежнасці ад адзнак (за кожную пяцёрку даплочвалі па пяць рублёў), і пра трагічную смерць аднаго са студэнтаў, паэта Вяргейчыка Валодзі. Улетку, у будатрадзе, ён з хлопцамі ішоў з суседняе вёскі з танцаў; было ўжо цёмна, ззаду ехала грузавая машына. Хлопцы сталі галасаваць, шафёр, відаць, спужаўся, вільнуў — Вяргейчыка стукнула падножкай, ён адляцеў наўзнач, патыліцай на бардзюрыну, і хутка памёр.

Пра стыпендыю, грошы, пяцёркі і дадаткі гаварылі рознае. Хто меў больш пяцёрак, хваліў новую сістэму. Некаторыя казалі, што, як там ні было, якія ні ёсць гэтыя стымулы ненадзейныя і ненармаваныя, іх даўно трэба было ўвесці, хоць такім чынам нешта «перабудаваўшы ў вышэйшай школе». Другія казалі, што гэта чорт ведае што, а не «перабудова» і не «стымулы»: адным падавалі па пяцьдзесят, па шэсцьдзесят рублёў, а другім за адну тройку — нічога.

Пра смерць размовы ішлі зусім іначай, ціха, сумна.

Вяргейчыка шкадавалі. Ні яго жыццё за два гады вучобы, ні смерць, якім бы страшным і незразумелым фактам у адносінах да дваццацічатырохгадовага чалавека яна ні была, не давалі асаблівых падстаў плёткам, што звычайна неяк самі сабою паяўляюцца на свет Божы ў такіх выпадках. Былі, праўда, такія-сякія разнабоі ў трактаванні ягонай смерці, але малазначныя. Так, некаторыя казалі, што нябожчык быў п'янаваты, не бярогся, і трошкі быў сам вінаваты. Другія даказвалі, што п’яны быў не Вяргейчык, а шафёр, інакш чаго б ён збіў на роўным месцы чалавека? Брусавец, які жыў з Вяргейчыкам у адным пакоі і ведаў яго добра, ішоў тады разам з ім з танцаў, а пасля бегаў выклікаць «хуткую», казаў, што Вяргейчык не мог быць п'яны, калі нават і захацеў бы, бо апошнім часам піў нейкія таблеткі, якія няможна было ўжываць разам са спіртным...

Расказвалі, як улетку ў інтэрнат прыязджала матка і Вяргейчыкаў дваюрадны брат, забіралі нейкія рэчы. Газеты дружна грамілі Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, заклікалі людзей да Перабудоваў, Дэмакратыяў і да Галоснасцяў — з вялікай літары; разбівалі закаўказскія мафіі, асцярожна праходзіліся па незразумелай вайне ў Афганістане, называючы яе «помощью афганскому народу»; пісалі пра замежных спецыялістаў і пра ялцінскіх прастытутак, якія ў дваццаць гадоў маглі лёгка набыць машыну апошняе мадэлі, нідзе не працуючы... А мне ў вачах стаіць чамусьці тая Вяргейчыкава матка, як яна забірала яго рэчы — хоць я і не бачыў гэтага.

Брусавец

Мае асабіста адносіны да гэтай смерці былі дваякія.

Я добра ведаў нябожчыка, пэўны час нават сябраваў з ім, чытаў яго вершы — а таму разам з навіною пра яго гібель нейкая частачка мае душы нібы адрывалася ад свету. Але што ты зробіш — сесію я здаў з дзвюма тройкамі, стыпендыю мне не давалі, і, як ні ўпарцілася маё сумленне, чужая смерць зменшвала мае перажыванні.