Читать онлайн «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага і Заблоцкага»

Автор Пятро Васючэнка

Пятро Васючэнка

Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі...

ПРЫГОДЫ ПАНОЎ КУБЛІЦКАГА ДЫ ЗАБЛОЦКАГА

Казачныя аповесці

ПЕРАДМОВА

Ходзіць па нашым краі пагалоска пра пана Заблоцкага, што жыў надта даўна, яшчэ за князем Дрыгайлам. Жылося тады людзям не абы-як, адно мыла не ставала — і вось пан Заблоцкі паквапіўся на лёгкі прынажытак. Адправіўся ён за мора, наладаваў мылам повен карабель ды плыве назад паціху. Ажно нахапіўся вецер, кінуў карабаль на падводныя камяні, і той карабель даў цечу. Увесь тавар, лічы, змыла, а пан Заблоцкі застаўся ні з чым. З тае пары пачалі казаць: «Зарабіў, як пан Заблоцкі на мыле».

Але гэта даўнейшая гісторыя, хто пра яе не чуў! Ды мала хто ведае пра іншыя прыгоды пана Заблоцкага ды ягонага дружбака пана Кубліцкага. Ото ж былі паны! Колькі яны пазараблялі гузоў на свае галовы — усё праз фанабэрыю, прагавітасць, недарэчныя дзівацтвы! І шкода часам іх, ды смех разбі рае: ну ж і шалапуты!

Кажаце, што маню, што няма такіх паноў ды не было, усё байкі?. . Э-э, браточкі вы мае, каб жа так!. . Вунь я надоечы бачыў: выйшаў з чорнага «Мэрседэса» дзядзька з портфелем ды вось гэтакім пузам, ну выліты пан Кублоцкі. А пан Заблоцкі мне ўчора ў тралейбусе нагу адціснуў, яшчэ на мяне ж і лаяўся непрыгожымі словамі...

Але паслухайма пра прыгоды тых, даўнейшых паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.

НІШЧЫМНІЦА

Мо хто чуў, як паны Кубліцкі ды Заблоцкі з'елі свае боты? Ды не, ніякага паморку, ніякага голаду не было тады ў нашай старане. Дый у паноў спачатку мелася ўсяго ўдосталь — і хлеба, і да хлеба. Але ж і жэрлі яны — што ў бяздонны мех тапталі. Пан Кубліцкі на сняданак, бывала, аплятаў засмажанага вепрука. Пан Заблоцкі адным махам мог выпіць цэлую барылу мёду.

Нядзіўна, што гаспадарка ў абодвух звялася на нішто. Гаёк, палеткі, паша, каровы, свінні, птаства — усё ляснула з-за вялікай панскай ахвоты да яды. Засталася на дваіх адна ўбогая хаціна, у падполлі — вецер ды галодныя мышы. Ні курчаці, ні парасяці, хлеба ані каліва.

Пан Кубліцкі, надзбмуты, быццам вожыка праглынуў, ляжыць на лаве, глядзіць на партрэты сваіх продкаў ды вохкае. Пан Заблоцкі ў вялікай злосці ходзіць ад сцяны да сцяны, моцна грукаючы ботамі і раз-пораз хапаючыся за бок, дзе раней прычэплена была шабля (ужо няма шаблі, аддаў мужыкам за тры колцы еілбасаў). Тады пан Кубліцкі, скрывіўшыся, будзе казаць:

— Хай бы пан падбіваў боты не зялезнымі, а драўлянымі цвікамі — танней і менш грукату.

На гэта пан Заблоцкі даволі груба адказвае:

— Хай бы пан не брахаў абы-чаго, а пайшоў бы ў вёску ды папрасіў у мужыкоў хлеба!

Такі ён апечаны, пан Заблоцкі, толькі яго крані — адразу пырхне. Але і пан Кубліцкі свой гонар мае.

— О не, — кажа, — я не магу прасіць у мужыкоў-лапатнікаў, хутчэй я свае боты з'ем.

Што ж, і намовіў на сваю галаву. Дажыліся — што адно боты й засталося кінуць у варыва. Балазе ў паноў боты дыхтоўныя, са свінячае скуры, шмальцам падмазаныя.

Раскладваюць агонь, набухторваюць вады ў чыгун, скідваюць боты — і туды ж, у чыгун. Вараць больш як паўдня, тады здымаюць чыгун з агню і сёрбаюць поліўку гэтак спраўна, што насы ўпрысядкі гуляюць. Пад'еўшы, кладуцца на лавы і спачываюць. Босыя, затое наетыя ад пуза.