Читать онлайн «Восень пасярод вясны»

Автор Мальдис Адам

Annotation

У маленькім маёнтку Анелін, размешчаным на беларуска-літоўскім этнічным паграніччы, сустрэліся розныя людзі — рэвалюцыянер Кастусь Каліноўскі і паэт Уладзіслаў Сыракомля, артыстка Галена Маеўская і селянін Грыва. Аказаўшыся ў складанай сітуацыі, героі аповесці прымаюць рашэнні, якія істотна паўплываюць на іх далейшае жыццё. Падзеі твора адбываюцца ў 1861 годзе — адразу ж пасля адмены прыгоннага права, у час сялянскіх хваляванняў.

Адам Мальдзіс

1. І быў ранак

2. І быў дзень

3. І быў вечар

4. І была ноч

5. І зноў была раніца

Эпілог

notes

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

21

22

23

Адам Мальдзіс

Восень пасярод вясны

Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў

1. І быў ранак

Нейкая немаведамая сіла ўзняла старога Грыву з саламянага барлога яшчэ да другіх пеўняў. Запаліўшы ўчарашнім вуголлем лучыну, ён сноўдаўся па астылай хаце, браўся то за адну работу, то за другую, але ўсё валілася з рук, знікала ў паўзмроку чорнай глінабітнай падлогі. І Грыва нават не згінаўся, не спрабаваў намацаць той нож або кручок для кручэння пастронкаў. Браў нешта іншае, зусім непатрэбнае. Намерыўся паснедаць, але чэрствы хлеб, хоць і здобраны канапляным алеем, ніяк не глытаўся. Ледзь дачакаўшы, калі праз бітыя шкелцы, устаўленыя ў акно ад вуліцы, праступіць шэрасць веснавога ранку, ён абуў хадакі, надзеў паношаны кажух, нацягнуў шапку-аблавушку і выйшаў на двор. Золкае паветра нібы працверазіла яго. Пастаяўшы на пляскатым камені, што ляжаў за дзвярыма, ён вярнуўся ў хату, дастаў з-пад бэлькі рубель, памарудзіўшы, дастаў другі, апошні, укінуў іх у капшук з губкай і крэсівам, капшук зашмаргнуў, засунуў за пазуху. Потым узяў доўгі нож, зроблены са старой касы, загарнуў у анучку і паклаў туды ж. Замкнуўшы дзверы драўлянай завалай, выйшаў на вясковую вуліцу, дайшоў да новай, з комінам хаты, дзе ўжо гады з тры жыў яго адзіны сын, але тут жа, ад збітых з жэрдак варот, павярнуў назад — на мост праз Лошу.

«Эт, адрэзаны акраец! — падумаў ён пра аддзеленага сына.

 — Што ён мне можа параіць?!»

На мосце ён спыніўся. паўглядаўся ў каламутную веснавую ваду, якая пачынала ўжо ўваходзіць у берагі. Здзіўлена пакруціў галавой, пабачыўшы шкоду, зробленую той вадой у палушанскім млыне. За мостам павярнуў налева — на старое цвінтарышча з пачарнелымі калодамі, што ляжалі ўздоўж магіл накшталт адзеравянелых чалавечых целаў. Скараціўшы такім чынам сабе дарогу, каля засценка Вішнеўскага выйшаў на абсаджаны бярозамі лашанскі гасцінец. Узняўшыся на гару Вішнеўскага, спыніўся: моцна схапіла дыхавіца. Другі раз няўцямна прыстаў на скрыжаванні гасцінца з анелінскай дарогай: справа бялеў высокі крыж з няроўных дубовых камлёў. Усе пукатасці на іх былі гладка зачышчаны і цяпер цьмяна адбівалі першыя промні соннага сонца.

— Ыш ты! — здзівіўся Грыва.  — Пазаўчора ішоў — і нічога не было. А сягоння — стаіць. Хто яго тут паставіў? І калі?

Старога нейкі час цягнула пайсці па гасцінцы далей, да карчмы. Але ён усё ж узяў сябе ў рукі і каля крыжа павярнуў направа, на Расолы. Адсюль, з узгорка, добра былі відаць тры хаткі, што стаялі ўздоўж аброслай вольхамі Расалоўкі. За імі пачыналіся лясы — адсюль, ад Козаў і Хлябекавай гары, праз Чырвоны Бор і Карыціну, яны ішлі ажно за, Шумск і Лаварышкі, ледзь не пад самую Вільню, далёкую і невядомую. Колькі разоў Грыва намерваўся туды выбрацца, але так і не выбраўся: усё ж трыццаць з нечым вёрст. Багацейшыя мужыкі ездзілі ў Вільню на рынак фурманкамі, бяднейшыя хадзілі пешкі, спраўляючыся туды і назад за адзін летні дзень. Але Грыва не хадзіў: для яго гэта быў бы дзень, праведзены без работы і таму змарнаваны.