Читать онлайн «Раніца»

Автор Ольга Ипатова

Вольга Іпатава

РАНІЦА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Раніца: Вершы — Мінск: Беларусь, 1969. — 80 с.

Рэдактар: П. Прыходзька

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

РАНІЦА

Адуванчык вялізны — сонца

Вырастае з прыціхлай ракі.

Зараз дзьмухне вецер спрасонку —

Пырснуць промні ва ўсе бакі.

Туманы, як мядзведзі калматыя,

Дапаўзаюць да лесу крадком,

За нямытай, заспанаю хатай

Аб даёнку цурчыць малако.

А зямля так даверліва, проста

У сваім харастве паўстае,

Што здымаю з ног «шпількі» вострыя:

Незнарок не ўкалоць бы яе...

* * *

Глядзім мы рэдка ў сэрца глыбіню,

Гаворым мала мы аб самым блізкім.

Радзіма! Стаў табой упершыню

Дзіцячы дом — майго жыцця калыска.

Да скону дзён забыць я не магу —

Руінаў дым, натоўп за хлебам ноччу

I крык: «Дзетдому ў першую чаргу!» —

Хоць у людзей гарэлі смуткам вочы...

КАЛОЖА

Ад сонца засланіўшыся Далоняй,

Хмурынай-хусткай атуліўшы плечы,

Стаіць здаўна над Нёманам Каложа,

Нібы мяжу пераступіла ў вечнасць.

Нібы калісьці дзеўчынай за горад

Насустрач бегла верасам калючым,

А потым, скамянелая ад гора,

Ўрасла навекі ў нёманскія кручы.

Над ёю — цёплых ліўняў агарожа,

За ёй — вякі, падзеі, далячыні.

Стаіць здаўна над Нёманам Каложа

Сівою беларускаю жанчынай.

* * *

О Аэліта, ты мая саперніца.

Калісьці, абагнаўшы часу бег,

Каханы мой дадому з Марса вернецца,

Адчайна засумуе па табе.

Сцюдзёна вусны мае апаліць студзень,

Загарам шчокі жнівень абпячэ,

А ён у сне гадамі бачыць будзе,

Нібыта казку, сінь тваіх вачэй.

А я ў расстанні смутак свой стрымаю,

Тугой касою рукі абаўю.

Пакіне дом наш песня незямная,

Што марсіянкі па начах пяюць.

І ўсё ж аднойчы з далечы вялікай,

Мне сэрца працінаючы наскрозь,

Раздасца раптам голас Аэліты,

I, пабялелы, страпянецца Лось...

* * *

Гасне ў цёмных зрэнках вокнаў вечар,

Адпускаю я тваю руку,

I імгненне падае у вечнасць,

Быццам кропля падае ў раку.

Закалыша шэраг дзён звычайных,

Шэрых, быццам сакавіцкі снег,

I аднойчы успамін адчайна

Зноўку мне душу ускалыхне.

Па цяпло, па ласку чалавечую

Я, на ўсё забыўшыся, ўцяку,

Каб адчуць: імгненне ўпала ў вечнасць

Дажджавою кропляю ў раку.

МАІМ АДНАГОДКАМ

Не ўсё нам у свеце вядома,

Мы ж дзеці гісторыі, творцы.

Сябры і сяброўкі з дзетдому!

Гэта пра нас гаворыцца!

Вы помніце? У інтэрнаце

У цёплыя сны дзіцячыя

Прыходзілі нашы маці,

Якіх мы ніколі не бачылі?

Замучаныя — з канцлагераў,

3 магіл уставалі брацкіх,

У сне нас пяшчотна лашчылі

I ў нябыт вярталіся раніцай.

Саміх нас бацькамі сёння

Завуць хлапчукі чубатыя,

А мы усё бачым, сонныя,

Тых, нежывых, нябачаных.

Крычаць нам з-за межаў адчайна:

«Жыцця вы не знаеце сэнсу».

А мы ж яго вывучалі

Спачатку не розумам — сэрцам...

* * *

У космас — вось мара мая запаветная.

Ды зямля не захоча пускаць мяне, ведаю.

Стане, як за дачку, баяцпа да ліхаманкі,

Звязваць па руках і нагах маланкамі,

Шэрымі туманамі мяне ахутваючы...

Праз усё прарвуся я, смелая, хуткая!

Самых гарачых набяру я зорак,

На зямлю вярнуся рана, золкам,

I зоркі свае да апошняй

Падарую кожнаму — кожнаму.

А каханы няхай не злуецца дарма:

Для яго я зоркай стану сама...

* * *

Не маці ў інстытут праводзіла мяне,

Зрабіўшыся ад шчасця маладой.