Читать онлайн «Задарожжа»

Автор Ольга Ипатова

Вольга Іпатава

ЗАДАРОЖЖА

Лірыка, вершаваныя эцюды, прысвячэнні

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Задарожжа: Лірыка, вершаваныя эцюды, прысвячэнні — Мінск: 2004. — 100 с.

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

РАСКІДАНЫ ЧАС

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

I кабета крамяная, што сваю тачку

З гноем - вывальвае на палеткі,

I на магілах забытых Плачка,

I выхавацель з чародкай дзетак,

I трактарыст, што пажадліва - п'яна

Даярку заманьвае на любошчы,

I ўнук, што бярозавым веццем старанна

Дзедавы косці ў лазні хвошча,

I фрэзероўшчык, што адмыслова

Кіне салёна суседу пацешку -

Гэта - народ.

Народ мой, і ластаўка -мова

Жыве ў яго сэрцы, нібы ў падстрэшку.

I гэты падстрэшак з самою страхою

Дзяруцца сарваць з беларускае хаты

Часінай і горкаю, і ліхою

Нешаноўныя збродні і саноўныя каты.

Ды пакуль на зямлі між Рубонам і Бугам

Кліча Янка Алёну ў спелае жыта,

I здзічэлы быльнёг заварочваюць плугам-

Як жыла беларуская мова, так - жыцьме!

КУПАЛА Ў ГАТЭЛІ „МАСКВА"

Ён падаў у жахлівы той пралёт,

Як падае падбіты самалёт,

Як сейбіт ва ўзараную раллю,

Ці метэор агністы ў зямлю.

Зрабіў не ўсё, што моц яго магла...

А змогся ад зламанага крыла,

Ад шэпату атрутнага ўначы

I ад таго, што ўсюды - крумкачы,

Што павуцінне ліпне па плячах,

Святло згасае у людскіх вачах

I ніву, што паэт засеяць змог,

Ачольвае пусты чартапалох...

Купала падаў - выбух і праклён.

I ззяў гатэль, як новы Вавілон.

Чало накрыла небам назаўжды,

Ды падалі наўсцяж сябры, браты

У доўгую, без слова, немату,

У вечную Сібір і мерзлату,

У допыты цямніц, жалеззе крат,

У д'ябальшчыну, дзе за чорта кат...

Ды чорных дзірак ультрафіялет

Адольвае паэта вечны свет.

3 каленяў уздымаецца народ...

I - не ў пралёт Купалавы палёт!

2004 г.

КУРАПАТЫ

Гэта тут тварылі шабас чорны,

Бралі ноч і сосны у хаўрус.

Тут малолі д'ябальскія жорны

Дух твой несмяротны, беларус!

Прарасці б травою скрозь прадонне!

Выцерці раздзёрты кляпам рот!

Ды у катаў учарашніх й сёння

Цяжкі, нібы жвір магільны, бот.

Толькі з-пад крывавае падэшвы

Рвецца крык - нібы з глыбінь зямлі:

"Дзетачкі мае! Унукі! Дзе ж вы,

Памянуць прыдзіце хоць калі!"

Тут яны — пяюць у карагодзе,

Дзетак цягнуць на атракцыён...

Ды калі ж ты скінеш, мой народзе,

Як наркоз, беспамятны свой сон?!

Над святынямі ўзламаеш краты,

Ўспомніш і падзеі, і часы.

Жменю ацалелую зярнятаў

Вырасціш калісьці ў каласы!

2000 г.

ГІСТОРЫК СВЯТЛА

Генерал беларускага войска Кастусь Езавітаў,

Ты ў Нямеччыне. Судны твой дзень настае.

Ачапленнем сталёвым апошні прытулак абвіты,

I ўнукі Дзяржынскага крылы ламаюць твае.

А пасля павязуць на Усход. I ў спецсховах Лубянкі

Упырамі ўвап'юцца ў душу, каб не помніў ані,

Як на снежнае поле кладзецца чырвона заранка,

Як сярэбраны Вершнік імчыцца на грозным кані.

Як у дзень сакавіцкі ўстае Беларусь - не, не мітам:

Сонцам, што над хлуснёю і гвалтам плыве.

Генерал і настаўнік, гісторык святла Езавітаў,

У адказ на "жыла" ты упарта гаворыш: "Жыве!"

Адступаюць жаўнеры твае. Пыл на вуснах каменны.

Зрэнкі падаюць долу. Сышліся дарогі ў пятлю.

Як у гулкую студню быцця, у гнілым сутарэнні

Шэпчаш шэраму небу: "Радзіма... Люблю... "

З крохкай восі зямное сарваўшыся метэарытам,