Читать онлайн «Ліпеньскія навальніцы»

Автор Ольга Ипатова

Вольга Іпатава

ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Ліпеньскія навальніцы: Вершы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1973. — 96 с.

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

ПРЫГАЖОСЦЬ

Расквечана ружова-сінім неба,

Рамонкі ўвысь пялёсткі узнялі,

А гэта значыць — прыгажосць патрэбна

Усяму жывому на маёй зямлі.

Зямлі, што спавівае нас туманам,

Сячэ завеяй, сцюжаю пячэ,

Дзе мы жывём так многа і так мала,

Жадаючы бясконцага «яшчэ».

Свет мітусіцца, быццам у гарачцы,

Нясуцца над планетай спрэчкі, свіст;

... У ціхай рэчцы між кустоў гарлачык

Кладзе галоўку на зялёны ліст.

СОН-ТРАВА

За сіняю, сіняю даллю,

Ісці і не год, і не два,

Расце для мяне жаданая,

Чароўная сон-трава.

Ліловы пялёсткаў россып,

Зялёны вільготны мох...

Знайду — і не прыйдзе ростань

На роздум маіх дарог.

Не прыйдзе ніколі гора

I нечы крыўдны папрок,

I буду жыць без дакору

На скрыжаванні дарог.

I зачыню свае дзверы,

Спакойная, не захачу

Пра лёсы чужыя, нявер'е

I крыўду чужую чуць.

Ды, пэўна, у млявым спакоі

I тыдня не пражыву...

Не стану шукаць ніколі

Чароўную сон-траву...

ЗАБЕЛЛЕ

Паміж азёр, як ветразь карабельны,

Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле.

Шумяць вятры жытамі навакол,

Пяюць у чарацінкі азярныя.

Жанкі пасля даення рукі мыюць,

I пахнуць луг і поле малаком.

I там маё дзяцінства засталося:

Русалка, распускаючы валоссе,

Над возерам сядзела на вярбе,

Прываблівала хлопцаў да сябе.

Яны ўжо, раскрываючы раты,

Збіраліся за ёй абы куды.

У вечнай рэўнасці жанчын маленькіх

Мы заціскалі іх кашулі ў жменькі

I прэч цягнулі — далей ад бяды.

Да нас, свавольнікаў, не раз рука

З кустоў цягнулася Лесавіка.

... Бабулін свет!

Ён у маіх вачах

Я сыну казкі баю па начах

I абяцаю звесці ў той прастор

Да тых бароў, да сініх тых азёр,

Дзе белая, як ветразь карабельны,

Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле...

ПОШУК

Можа, і няўмела, і наіўна

Я шукаю сэнс жыцця даўно.

Мокра на руках трапечуць ліўні —

Шэрае тугое палатно.

Абдзімае цёплы пыл калені,

Ногі ў кроў збіваю зноў і зноў.

Ападаюць кніжныя ўяўленні

Туманамі ў глыб дзіцячых сноў.

Знаю — мне вучыцца і вучыцца!

Гаманкія абысці палі,

Неадкрытыя шукаць крыніцы,

Піць, прыпаўшы прагна да зямлі...

* * *

Драўляная гаць пад Мядзелем

Прапахла шчаўем і мятаю,

Ды дзёгцем, ды ботам рыбачым.

Пружыняць дошкі гарачыя.

Праз луг, дзе дрэмлюць алешыны,

Вуліца тая няспешная.

А луг той зарос асокаю,

А неба над ім — высокае...

У сіне-духмяным марыве

Стагоддзі сплываюць марамі —

Вуліцай крочу драўлянаю,

Што продкамі збіта — славянамі,

Якія тут гаці пракладвалі

I першыя вулкі выгадвалі.

Валіліся дрэвы каляныя,

Назвалі продкаў — драўлянамі...

Крочу сваёй радзімай.

                                          Яна

Для трох народаў адзіная,

На свеце самая мяккая

Вада ў азёрах пад Мядзелем...

МОЙ ГОРАД

Л. Шайкоўскаму,

першаму сакратару

камсамольскай арганізацыі

ў Гродна

Жыву я ў гэтым горадзе,

Свой адкрываю Сусвет,

I зорак далёкіх горыч,

I дом, дзе жыве сусед.

У радасці і у горы,

У дождж, спякоту ці снег,

Я адкрываю свой горад,

У якім жылі да мяне...

*

Ранак ціўкнуў першай сініцай,

Першым крокам змены рабочай.

Чалавеку ж усё не спіцца,

Ён бяссонна па вуліцах крочыць.