Читать онлайн «Суд у Слабадзе»

Автор Виктор Козько

Віктар Казько

Суд у Слабадзе

Аповесць

Падрыхтаванае на падставе: Віктар Казько, Суд у Слабадзе: Аповесць — Мінск: Сталія, 2002. — 192 с.

ISBN 985-6670-10-1

УДК 882. 93

© OCR: Камунікат. org, 2011

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2011

I

Неба плавілася. Неба гарэла і палала. Рушылася сонца. Надломвалася пластамі і навальвалася на парныя ўжо ад спёкі просіні, на бляклую сцяжынку ад самалёта, які праляцеў над горадам, пэўна, яшчэ цемнатой. Агонь і спёка цяклі на зямлю, і вось агонь і спёка дасягнулі зямлі. Сонца рэдкай і празрыстай лавай ахутала лес і памчала па зямлі, асляпляючы ўсё на сваім шляху нясцерпнай зыркасцю.

– Што ж гэта такое? Што гэта? – не чуючы свайго голасу, закрычаў Колька, заплюшчыў вочы і выпрастаў перад сабою рукі. – Трымайце, людзі, сонца!

Але вакол было ціха. Горад яшчэ спаў. Калі па-добраму, спаць бы цяпер і Кольку Лецечку, выхаванцу старэйшай групы Слабадзянскага дзіцячага дома. Але не спіцца яму ў гэты ранішні світальны час. Другі тыдзень з дня ў дзень сустракае ён на ганку свайго корпуса ўсход сонца. Дзён дзесяць назад дзетдомаўскі вартаўнік Захар'я Сучок спыніў раптам Лецечку на дарожцы саду, спыніў не воклічам, не паглядам – загадам нейкім тайным, нячутным. Ішлі яны, Захар'я і Лецечка, адной сцежкай, але з розных канцоў саду, сышліся і ўжо разышліся, здаецца. Размінуліся і – абодва як у сцяну ўперліся, быццам для абодвух адразу скончылася дарога: прыпыніліся і павярнуліся абодва адразу, як па загаду, тварам адзін да аднаго. I прагна, са спалохам і дапытлівасцю ўтаропіліся ў вочы адзін аднаму, вышуквалі, разглядвалі адзін у другім штосьці патрэбнае і вядомае толькі ім.

Але Лецечка доўга не вытрымаў, а Захар'я глядзеў, глядзеў, а потым абышоў вакол яго і яшчэ раз зазірнуў у вочы і сказаў амаль што весела:

– Э, Лецечка...

Лецечка стрымглоў ад Захар'і, адкуль тае і сілы ўзялося. Забег у ізалятар, на зашчапку зачыніў за сабою дзверы. Хвіліну-другую прыслухоўваўся, ці не лясне па ганку палкай Захар'я, ці не загрукоча ў дзверы сваёй сукаватай смяротнай кульбай. Захар'я за Колькам не пайшоў, але ж пазбавіцца ад яго позірку, ад яго голасу, забыць тую сустрэчу ў садзе Лецечка ўжо не здолеў. I не ведае ён цяпер, ці то падалося яму, надумалася, ці то саснілася, але здаецца, у той жа дзень на той жа сцежцы саду сустрэўся ён яшчэ з Захар'ем. I ўсё было – як і ў першую сустрэчу, як у сне і наяве ў той час. Захар'я абышоў вакол яго, зазірнуў у вочы і сказаў амаль што весела:

– Э, Лецечка, ды ты хутка памрэш...

– Чаму гэта я хутка павінен памерці, Захар'я?

– А я чую, Лецечка, як цябе зямля кліча.

– Гэта яна цябе кліча, Захар'я, ты галасы ўжо блытаеш. Вось як рэзну зараз, дык і дух з цябе вон...

Захар'я пасмяяўся, сур'ёзна, як і ўсё ён рабіў, паварушыў вялізнымі, нібы восеньскія лопухі, збурэлымі вушамі.

– I мяне яна кліча ўжо, твая праўда, Лецечка. Толькі мне на той свет у спасаў дзень. А ты да таго дня не дацягнеш. Пасля Івана Купельніка лажыцца табе.

– Гэта калі ж? – у роспачы спытаў Лецечка дзеда. – Калі гэты Іван Купельнік будзе?

– А хутка і будзе, – ахвотліва павёў гамонку Захар'я. – Калі першыя сунічкі выспеюць, калі першыя грыбкі-каласавікі вытыркнуцца...