Читать онлайн «Тры старонкі з легенды»

Автор Геннадий Буравкин

Генадзь Бураўкін

ТРЫ СТАРОНКІ З ЛЕГЕНДЫ

Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Тры старонкі з легенды. Штрыхі аднаго лёсу. Дакументальная аповесць, — Мінск: Беларусь, 1971. — 120 с.

Рэдактар: В. Рудава

Copyright © 2014 by Kamunikat. org

Яе нарадзіла на нашай беларускай зямлі Вялікая Айчынная вайна — легенду пра суровае дзяцінства, пра адданасць Радзіме, пра чалаеечую мужнасць. Я пачуў яе на Віцебшчыне, у азёрным і лясным краі, дзе і сёння тысячы сцяжынак вядуць да партызанскіх зямлянак і брацкіх магіл. Гады сціралі некаторыя падрабязнасці, а мажлва і дабаўлялі новыя, побач з суровай быллю часам ішла гераічная казка, але самыя яркія, самыя хвалюючыя старонкі легенды заставаліся амаль нязменныя. I я раскажу іх...

Аўтар

ПЕРШАЯ СТАРОНКА

За ноч вокны зацягнула марозам, і першае, што зрабіла Надзя, ускочыўшы з пасцелі,— прадыхала на шыбе невялікае «вочка». На дварэ было пуста і шэра. Як ні ўглядалася яна, нікога ўбачыць не магла. Толькі проста перад акном стаяла бяроза, уся ў бухматым інеі...

Надзя апранулася, выйшла ў сенцы, хуценька апаласнула халоднай вадой твар. Сон як рукой зняло. Прыйшла ў душу лёгкасць і гарэзлівасць. Каб былі лыжы, выскачыла б на вуліцу і — туды, да возера, да ўзгоркаў, па цаліку, па ціхай белізне.

У хаце ля печы завіхалася гаспадыня, яшчэ зусім маладая жанчына з гладка зачасанымі валасамі, у чорных бурках.

— Можа памагчы?. . — папыталася Надзя.

— Ды ўжо не трзба,— адмахнулася тая. — Пакуль ты сны даглядала, я ўправілася. Прыйдуць хлопцы, есці паможаш...

Надзя прыбрала ложак, прычасалася і зноў прынікла да «вочка». На бярозе сядзеў надзьмуты верабей. Ён смешна ўздрыгваў усім сваім шэрым цельцам — і з галінкі сыпаўся іней. Надзя пастукала ў шыбу.

Верабей пераскочыў вышзй, зірнуў чорненькім круглым вочкам на акно і паляцеў.

Добра зімою ў цёплай хаце, у мяккай цішыні, калі патрэскваюць дровы ў печы і закіпае чыгун з бульбай. Надзя сцепанула плячыма, успомніўшы ўчарашні мароз, поле і п'янага паліцая. «У, гад даўгацыбы... » Ён ехаў на санях і, дагнаўшы яе — у дзіравай ватоўцы, з жабрацкай торбай за плячыма, ссінелую ад холаду, з усяго размаху выцяў пугай. I зарагатаў... «Ну, мы з табой яшчэ сустрэнемся... — са злосцю падумала Надзя. — Не можа быць, каб нашы дарогі не сышліся. Я табе прыпомню пугу... Парагочаш... »

Рыпнулі дзверы, у сенцах затупацелі — і пачуўся звонкі голас Міколы Буцілёва:

— Усё грэецеся ля печы? Хопіць. Ваяваць трэба... Багданава! Надзя!. . Камандзір кліча.

Надзя накінула на плечы кажушок, замітусілася, шукаючы хустку:

— Што там такое?

— А хто яго ведае,— Буцілёў стаяў каля печы, расчырванелы і вясёлы. — Мы людзі маленькія. Нам не дакладваюць. Сказана — паклікаць Багданаву, я і пайшоў. А вы, начальнікі, рашайце, ці нам бульбу есці, ці тол са снарадаў выплаўляць. Я, напрыклад, зараз бульбачкі б...

— Ну, хопіць,— зусім па-даросламу сказала Надзя. — Не казалі, чаго клічуць?

— Не казалі. Відаць, у разведку. Па тваёй спецыяльнасці...

Яны разам выйшлі з хаты, пайшлі па пустой вуліцы, і снег смачна парыпваў пад нагамі. Мікола Буцілёў ішоў моўчкі ззаду і, ужо калі падыходзілі да штаба, папытаўся: