Читать онлайн «Тамбурны маскіт»

Автор Зміцер Вішнёў

Зміцер Вішнеў

Тамбурны маскіт

Падрыхтаванае на падставе: Зміцер Вішнёў, Тамбурны маскіт - Санкт-Петербург, ООО "Невский простор", 2001 Тамбурны маскіт

Copyright © 2013 by Kamunikat. org

МАЯ СЦІСЛАЯ БIЯГРАФIЯ

Паводле адных звестак я нарадзіўся ў 1973 годзе ў Венгрыі, паводле другіх - у 1812 годзе ў Францыі, ёсць інфармацыя, што ў 1715 годзе ў трохгадовым узросце мяне прывезлі з Абісініі. Часам я думаю, што гэта ўсё лухта, і кажу, што я прыляцеў з планеты Марс. Ша! Але тым не менш усе гэтыя версіі маюць права на існаванне. Бо мая памяць захоўвае ўражанні ад усіх вышэйпералічаных краін. Так, прыгадваю цёмны венгерскі пакой, лакіраваную мэблю і... я — калабаха — лячу галавой уніз... Бум! Вось яно, прадчуванне псеўдабумбамліта. Пра Францыю памятаю... буйнамаштабныя п'янствы. Некалькі разоў сябры вылоўлівалі мяне з Сены. Што датычыцца Абісініі... Яшчэ дагэтуль маё цела месцамі чорнае. Некаторыя пальцы на нагах чамусьці раз на год робяцца сопушнымі. Ха-ха. Вось гэткія справы.

Некалькі гадоў я бадзяўся па тундры ў пошуках сваёй чукчанкі. На жаль, мара мая спраўдзілася значна пазней. Бо сваю музу — Шханаву — я знайшоў толькі на Беларусі. Праўда, тыя гады не прайшлі для мяне дарма. Я вывучыў суахілі, кіконга і чылуба, бо тутэйшыя абарыгены, як гэта ні дзіўна, сябруюць з некаторымі афрыканскімі плямёнамі. Паляваў на белых медзвядзёў і ў выніку займеў некалькі металёвых зубоў... Дыхаў паветрам свабоды! Ша!

Доўгі час я жыў у Польшчы, але гэты перыяд жыцця мне ўяўляецца досыць сумным. Тлум перапаўзаў з аднаго вока на другое. Я хрумсцеў агуркамі і займаўся браканьерствам. Але цяпер усё гэта падаецца мне дзіцячымі гульнямі.

Ха-ха. Затое якой авантурай выглядае маё перасяленне ў адну правінцыйную беларускую глушэчу. Слуцкія прасторы! Гэта дыхае ў сэрцах тысячаў слуцакоў, якія любяць сваю бацькаўшчыну!. . Нічога не маю супраць любові. Ша! Але самыя лепшыя ўспаміны ад гэтай «бацькаўшчыны» звязаны ў мяне з мясцовым мясакамбінатам. Бо там працаваў мой сябра, які хварэў на графаманію. У вольны ад камбіната час ён забіваў жывёлінаў камянямі і рэзаў іх бітым шклом.

Любімым ягоным напоем быў таматны сок. Бо падабалася садзюгу ўсё чырвонае. Я і дагэтуль баюся баявых быкоў. I таму прапанову адной дзяўчыны паехаць у Гішпанію на фіесту ўспрыняў як кроўную помсту. Я выходзіў на памост і забіваў прусакоў. Біў іх вялікай абгрызенай косткай! Ша!

У 1997 годзе неяк пасля клёвай тусоўкі я ішоў па вуліцы. Нікога не чапляў. Планы ў галаве на заўтра маляваў. Як раптам спыніўся варанок і мяне схапілі нейкія спадары-мянты. Ім было пляваць на мае дакументы. Ы-ы-ы-ы-ы... Я чуў, што бываюць мазгі з цэментам. Мяне завезлі ў мянтоўку. Я нават захацеў цыгарэту з ментолам. У мяне вялікае джала, я раззлаваўся і паслаў нейкага падпалкоўніка ў далёкія-далёкія нябачныя землі. Білі мяне доўга. За валасы мяне цягаў дог. Ы-ы-ы-ы-ы!. . Але мой дух не знішчылі. Я прыгадваў дыктатара Піначэта з Чылі. Лічыў змеяў, якія прапаўзалі па маім целе. Вочы прынца выкаціліся з цэлафану. Я пазіраў на свалачэй праз снайперскі прыцэл. Мае прынцыпы скавалі ланцугамі і білі нагамі. Ы-ы-ы-ы-ы!. . У камеру, у літаральным сэнсе, я запаўзаў. Я паліў свой рот каніфоллю і запаяў прыпоем. У пратаколе пазначылі: «Лаяўся нецэнзурнымі словамі і не падпарадкоўваўся праваахоўным органам... » Ша! Праз прыпой і каніфоль кропалі словы супрацоўніка газеты «Культура». Я сцябаў наменклатуру баявым журналісцкім і літаратурным словам! Ха-ха! Гэтую пагонную макулатуру! Перад камерай я згубіў свой партфель з паэтычнымі нататкамі пра Шханаву.