Читать онлайн «Зямля пад крыламі Фенікса»

Автор Сяргей Балахонаў

Сяргей Балахонаў

Зямля пад крыламі Фенікса

© Балахонаў, С. , 2012

© I. П. Логвінаў, 2012

© Распаўсюджанне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Аднарогі Беларусі

Улетку 1928 г. , падчас раскопак гарадзішча Банцараўшчына у ваколіцах Менску, археолаг Сяргей Дубінскі між іншага выявіў рог даўжынёю 1,9 м. Знаходка тады была ідэнтыфікавана як рог валдайскае казы і здадзена ў архіў. У 1935 г. прыбіральшчыца, выводзячы мыш’яком (As) архіўных пацукоў, выпадкова сыпнула крыху атруты на рог. Той нечакана змяніў колер, зрабіўшыся з шэрага бледна-ружовым. Тэрмінова выкліканы Дубінскі адразу зразумеў, што мае справу з рогам не валдайскае казы, але аднарога – вымерлай траваеднай непарнакапытнай жывёліны, чый лабавы рагавы нараст мог, паводле сярэднявечных крыніцаў, змяняць колер пад уздзеяннем атрутных рэчываў. Аднак археолаг ясна здаваў сабе справу з таго, што бальшавіцкая ўлада, якая адмаўляе Бога, будзе адмаўляць і аднарога. Адкрыццё Дубінскага абмяркоўвалася ў навуковых колах БССР кулуарна, паўшэптам. А ў 1937 г. ён быў арыштаваны і расстраляны як польскі шпіён, бо меў сваякоў у Заходняй Беларусі. Рог праходзіў па справе ў якасці рэчавага доказу, а пасля знік у спецсховах, як мноства іншых рэліквіяў беларускага народу.

Наша сённяшняя навука, згодна з савецкай традыцыяй, упарта заплюшчвае вочы на шматлікія пацверджанні існавання аднарогаў. Таму і фігуруе гэтая жывёліна ў энцыклапедыях прыдуманых і звышнатуральных істотаў. Тым часам першыя згадкі пра аднарога сустракаюцца у гімнах “Атхарва Веды” – там ён зваўся аднарогай антылопай, хоць насамрэч быў больш падобны да статнага белага каня з доўгім рогам у лобе. Аднарогаў згадвалі Ктэсій, Пліній, грэцкі “Фізіёлаг” ды іншыя крыніцы.

Алегорыі, звязаныя з гэтай жывёлінай, сустракаюцца ў Бібліі. Апісанні аднарога ва ўсіх гэтых крыніцах розняцца, бо мала хто меў шчасце бачыць яго.

На тэрыторыі Беларусі аднарогі з’явіліся недзе ў сярэдзіне мезаліту. У часы Полацкага княства яны былі неад’емнай часткай беларускае фаўны. На так званай Равэнсбурскай мапе свету (Нямеччына, ХІІІ ст. ), побач з гарадамі Poloscko (Полацак), Vidupsko (Віцебск) ды неідэнтыфікаваным тапонімам Scimelne (Смаленск? Шуміліна?!), намаляваны лось, зубр і аднарог, якія сімвалізуюць тагачасны жывёльны свет нашае зямлі. Пра існаванне аднарогаў сведчыць і выяўлены у Новасібірску ўрывак з пратографа Радзівілаўскага летапісу, у якім гісторыя пра паланенне Ўсяслава Чарадзея і яго наступнае княжанне ў Кіеве крыху розніцца ад традыцыйнай версіі. Так, у агульнавядомым спісе ўсё сканчаецца тым, што “…приде Белугороду Всеслав… утаився кыян бежа к Полотьску”. У знойдзеным жа дакуменце ўдакладняецца: “инорогом бежа к Полотьску”. Усяслава не дарэмна клікалі Чарадзеем: аднарога, паводле сярэднявечных уяўленняў, мог утаймаваць толькі чалавек звышнатуральнае сілы, з экстрасэнсорнымі здольнасцямі.

Таму аднарогаў рэдка прыручалі, часцей на іх проста палявалі. У сярэднявеччы лічылася, што злавіць аднарога можна толькі адным спосабам: “панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых”. Пасля паходу на полацкія землі (1084 г. ), кіеўскі князь Уладзімір Манамах пісаў: “И на осень идохом с черниговци и с половци, с читьевичи к Меньску: изъехахом город, и не оставихом у него ни челедина, ни скотины, там то ж убихом трех инорогов» (гл. праўдзівы спіс “Павучанняў Манамаха”). Якім чынам князь упаляваў іх – не паведамляецца. Відаць у палоне, які ён вёў у Кіеў, былі цнатлівыя дзяўчаты, што сталіся прынадаю. У няволі звер хутка паміраў, спяваючы перад сконам надта жаласную песню.