Читать онлайн «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»

Автор Владимир Некляев

Уладзімір Някляеў

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Менскі раман

“Брадвэй”

Першы тралейбус пах свежавымытым жалезам і ранішнім халадком.

У ранішнім халадку плаваў водар пралесак, бо пачыналася вясна.

Пралескі, трохі падвялыя, ляжалі на заднім, запырсканым вадой сядзенні. Кандуктарка глядзела на іх і ўсміхалася.

У тралейбусе радавалася радыё, што раніца. “У сталіцы савецкай Беларусі сем гадзін, — сказала яно святочным голасам, і кандуктарка зірнула на гадзіннік.  — Добрай раніцы, таварышы! Перадаем навіны. Учора Першы сакратар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў даслаў ліст вучням нью-ёркскай школы”.

У дынаміку пстрыкнула — і дыктар змоўк.

— Добрай раніцы, таварышы! — падрабляючыся пад радыё, голасам дыктара павітаўся кіроўца тралейбуса.  — У сталіцы савецкай Беларусі сем гадзін. Наш тралейбус адпраўляецца па маршруце вакзал — абсерваторыя.

“Пстрык” — вярнуўся дыктар.

“Дарагія амерыканскія школьнікі! — напісана ў лісце.  — Вы паведамляеце, што ў вашай школе вучыцца каля дзвюх тысяч чалавек, хлопчыкаў і дзяўчынак розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Спадзяюся, што гэта не замінае вам разам дружна вучыцца, весела гуляць і спяваць звонкія песні. Хачу паведаміць вам, што ў нашай краіне радасна і шчасліва жывуць і разам працуюць людзі многіх нацыянальнасцяў. Іх аб’ядноўвае агульнае імкненне жыць у міры і сяброўстве з усімі народамі зямлі”.

Пстрык…

— Мы за мір! — весела сказаў кіроўца.  — Наступны прыпынак — плошча Леніна.

Хліпнуўшы, зачыніліся дзверы — і ў левым акне тралейбуса зрушыўся чыгуначны вакзал.

Бывай, татарка Нэла!

“Жадаю вам, як і ўсяму маладому пакаленню Амерыкі, дазнацца пра тое, што такое вайна, толькі з падручнікаў гісторыі і ніколі яе не бачыць. Жадаю вам шчасця і многа, многа дабра! Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, 17 сакавіка 1960 года”.

Во супадзенне!. . Учора, калі Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў пісаў ліст амерыканскім школьнікам, я пазнаёміўся з амерыканцам!

— Набывайце квіткі ў кандуктаркі Віялеты Казіміраўны! — весяліўся кіроўца тралейбуса.  — Сёння танна, сорак капеек, бо сямнаццатае сакавіка…

Кандуктарцы Віялеце Казіміраўне, падобнай на спявачку Ніну Дорду, якая штодня спявае па радыё песню “Ландышы”, гадоў трыццаць. Амаль старая, а ўсміхаецца.

“Чаго ўсміхаешся?. .  — кісла глядзіць на кандуктарку дама ў каракулевым футры і каракулевай шапцы.  — Можа, у цябе голас, як у Ніны Дорды? Тады чаму ты не ў каракулі? Чаго ў тралейбусе сядзіш? Ідзі на сцэну і ўсміхайся!. . ”

“Нехта і ў тралейбусе ўсміхацца павінен, — усміхаецца даме ў каракулі кандуктарка.  — А то вунь кіслыя ўсе, як гуркамі кіслымі паснедалі”.

Я даў Віялеце Казіміраўне сорак капеек — яна мне квіток. Нумар 179872! Сумы трох першых лічбаў квітка і трох апошніх супадалі! Шчаслівы! 17 на 17! Во супадзенне!. .

“Мінскае паравознае дэпо! — доўжыла радыё.  — У дыспетчарскую заходзяць машыністы, абменьваюцца думкамі. Сярод іх — намеснік начальніка дэпо таварыш Папковіч.

— Мы хочам жыць у міры і дружбе з усімі народамі! — радасна закрычаў па радыё таварыш Папковіч.  — Мы гатовы гандляваць з капіталістычнымі краінамі, спаборнічаць у вытворчасці прадуктаў на душу насельніцтва. Праводзячы міралюбівую палітыку, наша краіна ўжо шмат разоў скарачала свае ўзброеныя сілы”.