Читать онлайн «Дрэва Энталіпт»

Автор Анка Упала

Анка Упала

Дрэва Энталіпт

2012

Рэдактар Алесь Пашкевіч

Вёрстка Веры Бохан

Дызайн вокладкі Nick Antipov

Мастак Наталля Зямчонак

Карэктар Алена Пятровіч

lit-bel. org

Аўтар дзякуе за падказкі і заўвагі да кнігі

Юрасю Барысевічу, а таксама за ідэю

і рэалізацыю падсерыі «Пункт адліку»

Паўлу Анціпаву і Юлі Цімафеевай

Ахілес і Барбара

***

Антычны філосаф Зянон казаў, што хутканогі Ахілес ніколі не здолее нагнаць марудную чарапаху. Я думаю, і спрабаваць не будзе. Проста не пабяжыць. Нават Ахілес не пабяжыць… Навошта бегаць за чарапахамі, калі можна паглядзець навіны, прыбрацца ў пакоі ці скласці надзвычайна патрэбную справаздачу для адміністрацыі Ленінскага раёна. Можна таксама змайстраваць што-небудзь сваімі рукамі ці зарабіць грошай. А можна займацца самаадукацыяй ці, калі не патрапляеш, паступіць ва ўніверсітэт на другую вышэйшую альбо, прыкладам, у акадэмію якую-небудзь, лепей за ўсё юрыдычную. Альбо бізнэсоўцам можна пайсці працаваць, гандляваць памідорамі. Таксама можна.

Не. Думаю, што і Ахілес не пабяжыць за чарапахай, калі толькі…

— Хадзем дадому, Ахілес! — Барбара бярэ Ахілеса пад руку, і яны выходзяць за шкляныя дзверы крамы хатніх жывёлін. Чарапаха сумна глядзіць на іх і задумліва размінае лапы.

16 сакавіка

Ахілес лічыць, што самая жахлівая рэч у свеце — гэта хранометр. Унутры атамны дзеля асаблівай дакладнасці, а звонку — птушачка з хаткай. Такое сабе «ку-ку». Сядуць Ахілес з Барбарай на кухні паснедаць альбо гарбаты папіць, альбо кавы. Кадабру частуюць: яна так смешна гарбату п’е праз трубачку.

З бабуляй, бывае, гаворку завядуць, калі яна адновіцца з попелу. А тут — «ку-ку»!! Час класціся спаць! Альбо бегчы на працу! Альбо на чыгуначны вакзал… у дзіцячы садок… на самалёт… на аўтобус… на сустрэчу з Адэлаідай Сабакаўнай… у Дублін…

Вар’яцкі дом, праўда-праўда. Не-не, нават і не ўгаворвайце мяне. Трэба прадаваць хранометр.

18 сакавіка

Сёння па радыё згадалі закон сусветнага прыцягнення. Ахілес шукаў яго ў Канстытуцыі, але не знайшоў. «Кепская Канстытуцыя», — зрабіў выснову Ахілес. «Мая лепей», — супакоіла яго зграбная Барбара.

23 сакавіка

Французскага пісьменніка Ларашфуко спачатку звалі François VI, duc de La Rochefoucauld — вельмі складана. Ён з-за гэтага моцна пераймаўся, бо ніхто не мог запомніць і правільна запісаць яго імя, нават бацькі і супрацоўніцы пашпартнага стала. У François VI, duc de La Rochefoucauld пачалася дэпрэсія, і ён прыйшоў да Ахілеса тапіцца ў ягонай ваннай. Пашкадаваў Ахілес французскага пісьменніка і папрасіў сваіх сяброў Карла і Фрыдрыха дапамагчы François VI, duc de La Rochefoucauld, але двайняты былі занятыя: у іх акурат на той дзень была запланаваная сусветная рэвалюцыя і бабах-фаербах з воплескамі апасля. Тады Ахілес пайшоў у дом мастацкай прыдумкі да Кірылы і Мяфодзія. І тыя ўрэшце прыдумалі пісаць вось так: «Ларашфуко», вельмі зразумела, і яшчэ шмат розных літараў напісалі, цэлы алфавіт. Кірыла сказаў, што гэты набор трэба назваць «кірыліцай». Так было ўратаванае жыццё Ларашфуко.

25 сакавіка

Злавіў Ахілес залатую рыбку, а яна яму і кажа: «Выканай, дружа, тры мае жаданні! Жаданне першае: хачу мець залатыя зубы!»