Читать онлайн «Тэорыя змовы»

Автор Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка

Тэорыя змовы

© Уладзіслаў Ахроменка, 2011

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Дзейныя асобы

Наш час

Скіргайлалірычны герой, адраджэнскі паэт і малады спецыяліст;

Вершнік з лесу трапны стралок;

Качанстаршыня таргачоўскага райвыканкама;

Манда Іванаўназагадчыца таргачоўскага Дома Культуры;

Казёлінфернальная істота, быдла рагатае;

Прашмандоўказвышнатуральная панначка;

Талашветэран вайны;

Талашыха – старэча ў кедах;

ДзіцяткаБоскае стварэнне;

Капітан Капейкінафіцэр з расейскай вайсковай базы «Волга-Волга»;

Зульфія – капітанская жонка;

Лаліта – капітанская дачка;

Прапаршчык Макруха – шафёр з расейскай вайсковай базы «Волга-Волга»;

Стары з медалямі – ветэран «органаў»;

Фрыц і Ганс – фашысты;

Аўка — парсючок старшыні таргачоўскага райвыканкама;

Мікалай Францавіч Гастэла – Герой Савецкага Саюза, у рамане не з’яўляецца.

Не наш час

Клімент VIIРымскі Папеж;

Месір Бенвенута Чалінівысокародны адраджэнец, дэміург, бамбардыр і штукар Папежа Клімента VII;

Месір Францыск Гастэла высакародны адраджэнец, нунцый Папежа Клімента VII;

Каралева Бонакузіна Папежа Клімента VII.

У эпізодах

Адраджэнцы, ведзьмакі, ветэраны, гуманісты, інвкізітары, калгаснікі, калдыры, камікадзэ, маскалі, мянты, ніньдзя, нячысцікі, рагатае быдла, рыцары, самураі, фашысты, шляхта.

Падзеі адбываюцца на працягу пяці апошніх стагоддзяў у адраджэнскіх краінах, а таксама ў Сеціве, на нябёсах, у чыстцы і ў пекле.

Пралог

Анёлы не лётаюць. Яны нябачна прасякаюць час і бароняць святыні ад рагатага быдла.

Як толькі гадзіннік на вежы таргачоўскага касцёла адаб’е поўнач, флюгер-анёлак ажыве. Бляшаная рука паволі адсуне ад вуснаў трубу, ледзь чутна зашаргацяць сталёвыя крылы, і карункавая постаць на імгненне выявіцца на тле цыферблата, каб распусціцца ў ядвабнае цемры. І скоціцца знічка на ганак Дома Культуры, і залачоныя стрэлкі гадзінніка раптам хіснуцца налева, і пацячэ час у адваротным кірунку…

Сонца выкаціцца на захадзе і ўпэўненай дугою перакрэсліць неба над пожняй, каб зваліцца ва ўсходнюю дрыгву. Таргачоўскія хлопцы насадзяць на гачыкі зіхоткіх акунькоў, закінуць іх у Дняпро і неўзабаве вывудзяць спраўных ружовых чарвякоў.

Мужчыны з навакольных вёсак паздымаюць чырвоныя стужкі «Пераможцаў Дажынак», пасядуць за штурвалы, і паўстане за камбайнамі спелае калоссе. Ужываныя «опелі» і «форды» заблішчаць свежай фарбай і пакоцяць на нямецкія пляцоўкі аўтамабільнага «сэканд-хэнду».

Сцяг над Таргачовам дзіўным чынам набудзе бел-чырвона-белыя колеры, але неўзабаве зноў стане чырвона-зялёным, толькі з сярпом і малатком. Зачыніцца, як і не было, пункт абмену валюты ва ўнівермагу. Перад гастраномам пашнуруюцца вірлівыя чэргі – мяняць гарэлку і цыгарэты на талоны.

Ветрык адсуне чарнобыльскія хмары, пасушыць святочныя піянерскія кашулі, і радасная дзятва пабяжыць з перашамайскае дэманстрацыі па хатах. Зухаватыя дэмбелі адпрасуюць «парадкі» з бліскучымі медалямі і выправяцца служыць у Афганістан.

Першы сакратар таргачоўскага райкама партыі ўрачыста зачыніць гормалзавод і ўласнаручна згорне кумачовы лозунг «Рашэнні ХХV з’езда КПСС – у жыццё!» Студэнты з’едуцца на вакацыі, і іх навюткія джынсы «Montana» выклічуць нязменную зайздрасць навучэнцаў ПТВ. Шалёная колькасць «Партвейну пераліецца з гранчакоў у высокія зеленкаватыя пляшкі.