Уладзімір Караткевіч
Ладдзя Роспачы
Рыгору Барадуліну
Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.
Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю – байкі гэта.
І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п’янюга і бабскі ліслівец – на трох беларусаў.
Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.
І з іншым неяк абыходзіліся. У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было – грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна.
Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць – от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё.
Нораў у гэтай грамады быў Дняпровы – на вярсту пяцьсот сажаняў звіву, – так што ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць.
Нап’юцца ды, конныя, з кручы ў Дняпро скачуць. Або купяць за тры шэлегі плыт, усцягнуць на яго майно ды бочкі з Божай слязою, захопяць усіх дзяўчат з Вясёлай Слабады дый сплывуць так аж да Лоева. А мужам гарадскім у гэты час хоць ваўком вый.
З Лоева вяртаюцца на конях, мечаных гетманскай клейнай. І кажуць па-рознаму. То – “падарылі”, а то “купілі, плыт спрадаўшы”. Ды яшчэ смяюцца бессаромна, зубы нахабныя прадаюць.
Два разы стараста накладаў непарушную пячатку на іхняе дабро, за нясплату пазычанага. Думаў – сыдуць і ціха стане ў месце. То адзін раз яны – з нявыкруткі – загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог.