Читать онлайн «Ператвораныя ў попел»

Автор Вінцэсь Мудроў

Вінцэсь Мудроў

ПЕРАТВОРАНЫЯ Ў ПОПЕЛ

Эсэ, фантасмагорыі, успаміны

Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Ператвораныя ў попел. Эсэ, фантасмагорыі, успаміны, — Мінск: Логвінаў, 2004.

Copyright © 2015 by Kamunikat. org

Запомнім гэтую восень

Штогоду, калі жаўцеюць ясені, калі яшчэ цёплы, але па-восеньску рэзкі вецер зь Дзьвіны шугае пад ногі каляную лістоту і сонечны кругабег паволі пакідае бестурботную Панну, у Полацку ладзіцца сьвята Скарынавай кнігі.

Там, у цэнтры старажытнага, але безнадзейна правінцыйнага места, пад помнікам Першадрукару, фатальны лёс намаляваў сваё кола.

І кожнага году, калі жаўцеюць таполі, калі залётны вецер зь Дзьвіны гоніць пад ногі каляную лістоту, у Полацак прыяжджаюць беларускія пісьменьнікі, і становяцца па пэрымэтру кола, займаючы сакрамэнтальных 40 градусаў акружнасьці, і прамаўляюць ўзьнёсла- напышлівыя словы нешматлікім месьцічам, што патрапілі ў атачэньне згаданага кола. У цэнтры людзкога збою звычайна завіхаўся і я. І ў патыліцу мне звычайна дыхаў шчыгульна паголены маладзён у шэрай тройцы, і варта было толькі адысьці ўбок, як маладзён валокся сьледам, і жонка, якая, часам, таксама завітвала са мною на сьвята, потым доўга ўздыхала і задавала сакрамэнтальнае пытаньне: чаму я не магу жыць як усе нармальныя людзі? “Ты бачыў, каб хто зь беларускіх паэтаў лез у палітыку? — пыталася жонка, — ты паглядзі на іх. Ды гэта проста халяўшчыкі, якія прысмакталіся да беларускай мовы, уступілі ў партыю, атрымалі сталічныя кватэры і цяпер п’юць , у працяг сьвята, дармавую гарэлку ў полацкім рэстаране”.

Зрэшты, бяседзе папярэднічала яшчэ адно мерапрыемства: сустрэча з чытачамі ў гарадзкім доме культуры. Да таго часу госьці ўжо пасьпявалі кульнуць чарку, а аднойчы — я быў сьведкам — адзін празаік нават заснуў у залі, але, пачуўшы сваё прозьвішча, падхапіўся на ногі. Вядучы сустрэчы, пабачыўшы калегу, замахаў рукамі, маўляў, сядзі, ня варта выступаць, але творца паўстаў як тая скала ў Бель-Ілі, пайшоў па праходу, пару разоў матлянуўся, прымусіўшы пужліва адхінуцца дзяўчын, што сядзелі ля прахода і — у мёртвай цішыні! — спыніўся ля прыступак, якія вялі на сцэну. “Ня трэба!”— бязгучна гукалі калегі.

“Хлусіце! Я яшчэ м-магу”,— гэтак жа бязгучна адказваў творца. Ён ступіў на прыступку, потым на другую, яшчэ раз хітнуўся і калі ўражлівыя гледачы ўжо змадэлявалі ягонае падзеньне ў аркестровую яму, узышоў на сцэну, сарваўшы бурныя воплескі.

І вось яно, Скарынава сьвята AD MM.

Распалася заганнае кола. Высілкам загадчыка мяйсцовага “вэртыкальнага” аддзелу культуры В. Ушака на пляцы ўтворана quadratura. Пісьменьнікі сядзяць у крэслах, нешматлікія гледачы стаяць вакол зграбным карэ. З высокага пастамэнту на іх задуменна глядзіць Скарына.

Нейкі паэт чытае свае панічна-патасныя, а таму няшчырыя вершы; празаік — аўтар партызанскай эпапеі, якую прачыталі толькі выпускаючы рэдактар ды карэктар, галёкае аб славянскім братэрстве; чыноўнік Дзяржкамдруку апавядае ў мікрафон аб той увазе, якую надае беларускаму кнігавыдавецтве Ўсенароднаабраны Прэзыдэнт; а над галавой маёй тым часам наразае колы гудлівы чмель. Нагудзеўшыся дасхочу, чмель пляскаецца на прывялую ад начнога холаду аксамітку. Тыцкаецца хабатком — раз, другі, марна шукаючы нэктару і пералятае на такую ж прывялую стакротку.