Читать онлайн «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918)»

Автор Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч

ДЗЕСЯЦЬ ВЯКОЎ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ (862—1918)

Падзеі. Даты. Ілюстрацыі.

Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч, Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 223 с. Выданьне трэцяе.

Рэдактар: Ян Запруднік

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2008

БЕЛАРУСЬ ДАГІСТАРЫЧНАЯ

Землі цяперашняй Беларусі засяляліся першабытнымі людзьмі яшчэ ў эпоху каменнага веку. Першыя насельнікі маглі зьявіцца тут ужо паміж 100 і 40 тысячамі гадоў таму. Тады яны жылі яшчэ статкам, умелі адно здабываць агонь, гатаваць на ім ежу ды бараніцца ад драпежнікаў. Аднак болыы пэўна архэолягі гавораць пра асваеньне сучаснай тэрыторыі краманьёнцам у эпоху позьняга каменнага веку. Людзі, якія прыйшлі сюды не раней, чым 40 тысяч гадоў таму, арганізаваліся ў родавыя супольні. Кожны род улучаў у сябе ўсіх кроўных сваякоў па матчынай лініі, а некалькі блізкіх родаў аб'ядноўваліся ў племя, якое мела сваю тэрыторыю, агульную мову, саманазоў, звычаі. Плямёны першабытных людзей сталі зародкамі першых этнічных супольнасьцяў.

Прыкладна 5—10 тысяч гадоў таму абшары Беларусі былі яшчэ пад ледавіком або тундрай. Рэдкія насельнікі палявалі на буйную жывёлу, выраблялі з крэменю наканечнікі для дзідаў, нажы ды скрабкі. Калі ж ледавік адступіў на поўнач, гэтыя землі паступова пакрыліся густымі лясамі, сеткаю рэк і азёраў, усталяваўся цёплы і вільготны клімат.

Навучыўшыся карыстацца лукам ды лавіць рыбу, людзі хутка расьсяліліся па абшарах усяе Беларусі. Аднак колькасьць іх тады яшчэ, бадай, не пераўзыходзіла некалькі тысяч.

На так званы новакаменны век, які вучоныя датуюць 5—3-м тысячагодзьдзямі да новай эры, прыпаў росквіт родавага ладу. Людзі навучыліся дасканала апрацоўваць крэмень, вырабляючы зь яго разнастайныя прылады працы і зброю. З тых часоў зьберагліся выкапаныя на захадзе Беларусі шахты, зь якіх даставаліся новыя запасы такога каменю. Шырэй сталі выкарыстоўвацца дрэва і косьць. Чалавек пачаў прыручаць жывёлу, авалодаў ткацтвам і ўрэшце навучыўся рабіць гліняны посуд, у якім можна было варыць страву і захоўваць прадукты. Усё гэта дазволіла першабытным насельнікам Беларусі перайсьці да аселага ладу жыцьця. Архэолягі выявілі ў межах нашай краіны больш за 600 пакінутых імі пасяленьняў. І хоць землі Беларусі, не маючы значных прыродных перашкодаў, былі зьвязаныя праз рэкі з усімі бакамі сьвету і адкрытыя для міграцыяў, яе жыхары пад канец каменнага веку былі ў асноўным аўтахтонамі.

Да вялікіх перасяленьняў людзей дайшло тут у эпоху бронзы. На пачатку 2-га тысячагодзьдзя да Нараджэньня Хрыстовага з поўдня і захаду на Беларусь прыходзяць плямёны земляробаў і жывёлаводаў. Гэта былі індаэўрапейцы — продкі сучасных эўрапейскіх народаў. Іх гаспадарка вызначалася большай прадукцыйнасьцю, чым заняткі карэнных жыхароў. Таму, хутка расьсяліўшыся па абшарах Беларусі, прышлыя плямёны добра ўжыліся зь мясцовым людам, зьмяшаліся зь імі і нават перадалі сваю мову ды грамадзкі лад. Гэтая міграцыя азначала, такім чынам, ня поўную зьмену насельніцтва, але асыміляцыю аўтахтонаў больш разьвітымі плямёнамі. Беларусь стала абшарам фармаваньня балтаславянскай супольнасьці. На паўночным усходзе краіны яшчэ доўга існавалі паселішчы фіна-вуграў, асыміляцыя якіх ішла марудна.