Читать онлайн «Вайна каля Цітавай копанкі»

Автор Іван Навуменка

Іван Навуменка

Вайна каля Цітавай копанкі

І

Мала нарадзіцца на свет чалавекам, у якога ўсё на месцы і ўсё па норме: дзве рукі, дзве нагі, галава, вочы. Да ўсяго гэтага трэба мець яшчэ добрае імя.

Яшу на імя не пашанцавала. Калі б яго звалі Яшам, то гэта яшчэ нічога, за такое імя хлопец не крыўдаваў бы. Але так называе яго адна толькі Ліза ды яшчэ настаўніца Марыя Рыгораўна. Усе ж астатнія завуць проста Якавам. I не толькі завуць, а і дражняцца. Асабліва гэты Тарабанаў Алёша, да якога падлізваюцца ўсе хлопцы з іхняй вуліцы.

Калі Яша чым-небудзь не дагодзіць Алёшу, дык той без сораму гарланіць:

Якаў, Якаў снаў з сабакам, Ішоў Сідар, костку кідаў...

Яшу крыўдна, што пра яго складзена гэткая дурная і недарэчная песня. Ён хацеў бы, каб хто-небудзь склаў такую ж і пра Алёшу. Але пра Алёшу ніякіх смешных песень няма. А калі б і была якая-небудзь, то ніхто не адважыцца яе спець пры жылістым, рудым Алёшу, бо яго ўсе баяцца. Ён самы дужы на іхняй вуліцы.

Калі Яша толькі прыйшоў у школу, то настаўніца вычытала ягоапошнім па спіску. «Якуб Яскавеці» — прачытала яна, і Яша спачатку нават не зразумеў, што гэта выклікаюць яго. Ён азірнуўся: ці не ўстаў з-за парты які-небудзь Якуб? Але ні якага Якуба ў класе не было, і прыйшлося падымацца яму. Новае імя яшчэ болей не спадабалася Яшу. Няхай бы ўжо лепш быў Якаў, а то нейкі Якуб...

Толькі ў другім паўгоддзі настаўніца стала называць Якуба Яшам. Пачалося гэта вось з чаго. Марыя Рыгораўна задала аднойчы дадому цяжкую задачу. Яша ўмеў рашаць задачы, і таму ён рашыў і гэтую. Але болей задачу не рашыў ніхто. Хлопцы проста паспісвалі ў Яшы.

Да дошкі Марыя Рыгораўна выклікала другога вучня. Ён узяў свой сшытак і напісаўЯшава рашэнне. Тады не вытрымала Ліза, якая сядзела на самай першай парце. Ліза была смелая, бо яе маці таксама працавала настаўніцай, толькі ў другім класе. Яна ўстала і сказала Марыі Рыгораўне, што ўсе хлопцы паспісвалі ў Яшы і што ім павінна быць сорамна.

— Ідзі да дошкі, Яша, — сказала настаўніца.

З гэтага дня яна пачала называць яго Яшам.

Калі ішлі дадому, хлопцы хацелі як-небудзь адпомсціць Лізе за яе доўгі язык. Але за Лізу заступіўся Яша. Ён нават пасварыўся з Аркадзем Панядзелкам, які лічыўся ледзь не самым дужым у класе.

Заступніцтва за Лізу так проста для Яшы не абышлося. Назаўтра Тарабанаў Алёша, убачыўшы Яшу, зароў на ўсё горла:

Жаніх і нявеста Паелі ўсё цеста...

Алёша пеў гэтую песню, скачучы на адной назе і крыўляючыся, а разам з ім, нібы па камандзе, скакалі і лямантавалі на ўсю вуліцу шасцёра Алёшавых братоў і сясцёр — Адам, Ходзя, Лёдзя, Дуся, Косцік і Пятрусь. Усе Тарабаны былі рудыя, крыклівыя і ніколі нічога не саромеліся. Паміж сабой яны жылі не вельмі дружна. Яша ведаў, што Тарабаны хаваюць адно ад аднаго памідоры і грушы-гнілкі. У кожнага ёсць свая патайная хованка. Толькі самыя меншыя, Косцік і Пятрусь, не навучыліся хаваць свайго багацця, бо яшчэ зусім не ўмелі хітрыць.

Тарабаны паміж сабой не ладзілі, але гэта не шкодзіла ім дружна і з'яднана нападаць на чужых. На ўсёй вуліцы яшчэ не было такога смелага, які б пачаў вайну з Тарабанамі. Няхай бы ён паспрабаваў!. .