Читать онлайн «Пераломны ўзрост»

Автор Іван Навуменка

ІВАН НАВУМЕНКА

ПЕРАЛОМНЫ ЎЗРОСТ

Пека быў добры хлопец. У гэтым я пераканаўся, як толькі мы пазнаёміліся. Ён першы падышоў да мяне і прывітаўся, хоць гэта належала зрабіць мне, як гаспадару хаты. Справа ў тым, што Пека прыехаў да нас кватараваць. Прыехаў з горада ў наша ціхае мястэчка, якое ў той памятны год стала раённым цэнтрам. Я трошкі баяўся гарадскіх, трошкі іх недалюбліваў і можа таму ў дзень прыезду Пекі паставіўся да яго не зусім прыхільна.

Магчыма, была і другая прычына, чаму мне не адразу ўдалося разгледзець у асобе Пекі поўнага свайго аднадумца. 3 кузава паўтаратонкі, што спынілася каля нашай хаты, саскочыла маладая жанчына велічэзнага росту. Такіх высокіх жанчын я яшчэ не бачыў ніколі. У нашым мястэчку такіх не было. Таму я на першым часе ўсю сваю ўвагу накіраваў на гэтую высокую, якая цяпер ужо лічылася нашай кватаранткай.

3 кузава злезлі яшчэ двое — тоўсты мужчына і хлапец маіх год. Але я на іх не глядзеў. Я дапамагаў зносіць рэчы ў другі пакой нашай хаты, якую мае бацькі аддалі пад кватэру прыезджым, і сачыў толькі за высокай тонкай кватаранткай. Яна з непрывычкі стукнулася галавой аб верхнюю дошку каліткі і, пасля ўжо, усе астатнія разы згіналася дугой, калі хадзіла ад машыны ў хату.

Рэчы мы пазносілі, і новыя гаспадары, зачыніўшыся, пачалі іх расстаўляць і ўладкоўваць. Іх кватэра адразу стала лепшай, чым наша. На двор яны выхо-дзілі праз пярэдні пакой, які застаўся нам, і цяпер усё жыццё нашай сям'і было навідавоку. Мне стала крыху сумна ад гэтага, і, каб развеяць маркотныя думкі, я выйшаў на вуліцу. Я не прыходзіў дамоў да самага вечара. А вечарам у нас якраз і адбылося знаёмства з Пекам. Пека, мабыць, чакаў мяне. Ён сядзеў на лавачцы і чырыў дубцом па зямлі.

—  Добры дзень,— сказаў ён. — Мяне завуць Пека.

Давай дружыць.

—  Пека? — здзівіўся я. — Хіба ёсць такое імя?

—  Ну, па-звычайнаму Пятро. Гэта мяне так Рашэль называе.

—  Якая Рашэль? Твая маці?

—  Мацеры ў мяне няма,— сумна прамовіў Пека. — I бацька памёр таксама. Рашэль — сястра...

Мне стала шкада Пекі. Я ўжо вінаваціў сябе за тое, што так няласкава яго сёння сустрэў. Хвілін праз дваццаць мы ведалі адзін пра другога ўсё. Пека, як і я, перайшоў у пяты клас, і мы адразу дамовіліся, што ён запішацца ў «Б» клас, каб нам разам вучыць урокі. Ад свайго новага сябра я дазнаўся, што ён умее гуляць у шахматы і збіраецца змайстраваць уласны радыёпрыёмнік. Я ў той час не гуляў у шахматы, а што датычыцца радыёпрыёмніка, дык нават не дакранаўся да яго. Вядома, я адразу адчуў павагу да Пекі, хоць мяне і калола зайздрасць. Але мае ўласныя козыры былі яшчэ не раскрыты, і я спадзяваўся ўзяць рэванш.

—  Ты чытаў «Капітана Гатэраса»? — спытаў я ў Пекі, спадзеючыся на адмоўны адказ.

Гэтая кніга дарэвалюцыйнага выдання трапілася мне без вокладак, і я таіў цвёрдую надзею, што ён яе не чытаў.

—  Гэта Жуль Верна? — Пека ніколькі не здзівіўся пытанню. — Чытаў яшчэ летась...

Пачатак для мяне складаўся няўдала. Чарга задаваць пытанне была за Пекам, і я насцярожана прыціх.

—  А ты чытаў «Рабінзона Крузо?. .