Читать онлайн «Гэта ня лічыцца»

Автор Наста Манцэвіч

Гэта ня лічыцца

Наста Манцэвіч

*** Вілейка. Дубаўка. Раніца. Ён сказаў у нудзе: “Сэ ля ві”, і мы селі ля Віліі. Запалілі. Каменьчыкі ў рэчку кідалі, глядзелі, як распаўзаюцца кругі ад іх па вадзе… *** Сяджу каля тэлевізара ем цукеркі паперкі сьлінай прымацоўваю да сьценкі. Адначасова дакладна – у перапынках калупаю пальцам у шкарпэтках дзірку. Размалёўваю “А4” уздоўж і ўпоперак упоперак і ўздоўж Я злосны калючы вож іголкі растуць на сьпіне. Ты патэлефануеш ці не? *** Непазьбежна вясны наступства: што ні дзеўчына, то распуста, зь Менску, з Горкі, з-пад самай Ніцы што ні дзеўчына, то ў спадніцы. Захінула вясна мне вочы – агаляюць паненкі грудзі і з цырульні павольна крочыць ці то дзеўчына, ці то пудзель. *** Што мне рабіць з табою, такой прыгожаю? Калі ты стаіш на кухні ў адных шкарпэтках і варыш каву мне ў маёй кватэры, – Глядзець на цябе. Што мне рабіць з табою, такой разумнаю? Калі ты расказваеш мне з захапленьнем пра фільм, які паглядзела, пакуль я была на працы, — Слухаць цябе. Што мне рабіць з табою, такой пяшчотнаю? Калі ты ўсьміхаесься і кратаеш мяне за руку сваёю рукой пяшчотнай, як ты ўся, — Абдымаць цябе.
Што мне рабіць з табою, такою дзікай? Калі ты ператвараесься у ваўчыцу, і я імгненна ператвараюся ў ваўка, — Спаць з табой. Што мне рабіць з табою, такою зьменлівай? Кожны дзень рознаю, непасрэднаю, пазбаўленай лёгікі, ды нявечнаю, — Быць з табой.
Мілан. Вечар Частавалі нас кавай ветліва і ласкава, налівалі гарэлку… ці то ангельскі ром? Ля кавярні “Ла Скала” лашчыла-мілавала, абурыўшы суседзяў справа, каленку яе пад сталом. *** Мы крочылі побач рука ў руку да пляча плячо твар у твар вочы ў вочы у рот рот. Так мы ступалі, крочылі нага ў нагу, пакуль ты ня збочыла. І цяпер вока за вока, цяпер – зуб за зуб. Усё, што ты з сабою забрала, я выскубу, адгрызу — вярну сабе ўсё, да сябе вярнуся… Забяру сабе свае вочы, з твару змыю твой твар, адляплю ад вуснаў твае вусны, вырву руку з рукі. І калі сэрца сьцісьнецца ад адчаю, я буду шаптаць, як мантру, што ты – родная, баючыся паверыць, што ты чужая. *** Я называў цябе заяц, ты мяне называла лапка, мы былі разам – заечая лапка. Зая, чыя лапка цяпер я? *** Забяры мой боль працягні далонь я табе адсыплю яго з гакам а пасьля свой сум ў скрутку прынясу Забяры яго бо я сам ня ў стане забяры мой цень абдымі мяне паглядзі як моцна мяне хістае Забяры мой цень Забяры мой сум Забяры мой боль І мяне ня стане