Читать онлайн «Замак пабудаваны з крапівы»

Автор Зміцер Вішнёў

Зміцер Вішнёў

Замак пабудаваны з крапівы

Дзецям акупантаў прысвячаецца

© Вішнёў З. , 2010

© ПВУП «Галіяфы», 2010

© ТАА "Электронная кнігарня", 2016

Частка першая.  Самураі і козлікі

Усё пачалося з дзяцінства. Менавіта. У мяне была занадта вялікая галава, і яе цяжка было трымаць. Увесь час куляўся. Самыя лепшыя ўспаміны з дзяцінства – я падаю ўніз галавой. Вось тады і нараджаўся мастак. Свет я бачыў надзвычай дзіўна – перакуленым.

1

У жыцці аднаго героя насталі нявызначаныя сваім колерам дні. Часам здавалася, што яны грымяць, нібы маленькія срэбныя званочкі і бразготкі, часам каля пад’езда, які распластаўся ў чэраве глуханямога дома, з’яўляўся катафалк, адтуль на ружовашчокае паветра выносілі крыштальную труну… Там ляжала царэўна… Яе было цяжка разгледзець, бо яна была зацярушаная снегам, апалым лісцем і першымі пралескамі. Дзень разлятаўся шкамутамі, нібы пералётныя птушкі… З-пад стала накшталт зачараванага заручальнага пярсцёнка выкатвалася зялёнае шкляное вока… Яно падкатвалася да ціжмаў і застывала з нямым пытаннем. Можна было штурхаць яго скуль заўгодна – гэта не вырашала праблемы. Вока не знікала. Яно спіралямі круцілася каля героя, вымагаючы ад яго пэўных учынкаў, дзеянняў. Зрэшты, у аўторак усё змянілася.

2

Прамень святла нагадваў кракадзіла. Хацелася ўзяць бізун і моцна стукнуць зялёнага гада, каб ён схаваўся. «Ва ўсім вінаватыя фіранкі!» – думаў ты.

На патэльні ў алеі, цыкорыі і перцы шкварчэлі цельцы конікаў. «Вух, накармлю выпадковага наведніка! – думаў ты. – Давайце-давайце! Тэлефануйце! Забягайце! Наведвайце! Я ўжо ў нецярплівасці чакаю ахвяру!» З садысцкім адчуваннем ты смакаваў нямую сцэну. Ты ўяўляў перакручаны твар выпадковага сябра, калі ён пабачыць перад сабой талерку з экзатычнай стравай…

На канапе, нібы кот, ляжаў жоўты карлік.

Ён спаў і ціха пахрапваў.

«Цікава, – падумаў ты. – Непатрэбных кацянятаў і шчанюкоў часам топяць. А калі назбіраць поўны кош карлікаў і таксама паспрабаваць здзейсніць акт забойства? Пэўна, карлікі таксама пішчаць, як кацяняты, калі іх топяць?»

3

– І што за брыдоцце ты пішаш? – раптам сказала суседская замарожаная бабулька, – Я разумею – карлікі. Дык навошта іх тапіць? Зусім збрэндзіў? Ці блёкату наеўся? Дзе ты бачыў цэлы кош карлікаў? Кацянятаў яшчэ ладна…

– І што ты прапаноўваеш? Дадаць мускатнага арэху? – разгубіўся я.

– Давай традыцыйна. Згадай гісторыю беларускай савецкай літаратуры! Згадай лепшыя прыклады паслядоўнікаў сацрэалізму!. . Давай без выпяндрожу і выкрунтасаў! Каб рэдактару працы было меней! Ён жа замучыцца скарачаць твой твор. Гэта ж трэба браць нажніцы і рэзаць! Не дай божа потым гэта перакладаць на іншую мову! Спачатку застрэліцца перакладчык, потым – выдавец, а за ім – выпадковы чытач! Ды і айчынным выдаўцам і чытачам не пазайздросціш!

– Ну, добра, – пагадзіўся я. – Паспрабую. Але не абяцаю, што атрымаецца. Ты ж ведаеш – я даўно не практыкаваўся. Гэта ж трэба фабулу прыдумваць. Э. Эх… Традыцыйна… Традыцыйна я таксама даўно не спрабаваў.

Я пачухаў галаву. Паглядзеў на столь. Зірнуў у кут на адзінокага павука. Падміргнуў яму. І працягнуў…