Читать онлайн «Вячэрняе»

Автор Янка Брыль

Янка Брыль

ВЯЧЭРНЯЕ

Лірычныя запісы і мініяцюры

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Вячэрняе. Лірычныя запісы і мініяцюры, — Мінск: Выдавецтва, 1994. — 350 с.

Рэдактар: Т. М. Турчыняк

Copyright © 2013 by Kamunikat. org

СВАЕ СТАРОНКІ

Да творчай аўтабіяграфіі

Сабраныя пад такою назвай запісы, пачынаючы з 1977 года, друкаваліся ў перыёдыцы, уваходзілі ў мае кнігі, у найстражэй прасеяным мною выглядзе — у трохтомнік «Выбраных твораў».

Тут прапануецца тое з запісаў, што ў пераважнай большасці ў свой час не пабачыла свету з меркаванняў, ад аўтара незалежных.

1956

Работа гэта ці не, няхай сабе невялікая, але добрая, справа ці не, што я сяджу ў глухой нарачанскай вёсцы і, пакуль навокал ідзе барацьба за хлеб, перакладаю яшчэ адну кнігу на мову, якая — згодна меркавання многіх — асуджана самім жыццём на ціхую, натуральную смерць?. .

Хочацца верыць, і веру, што справа, якую раблю, патрэбная. Нашу цярплівасць мужыцкую і нашу светлую веру падтрымаў нядаўна Ленін, голас якога ў гэтым пытанні камусьці трэба было хаваць ад народа. Днямі прачытаў «К вопросу о национальностях или об «автономизации» і цяпер, разам з многімі, чакаю пленума ЦК партыі па нацыянальным пытанні, пленума, які, бясспрэчна, павінен быць ленінскім. І гэтае пытанне, гэтая справа запушчана за апошнія гады, як запушчана была сельская гаспадарка.

Рыхтуючы «Избранное», сям-там зняў, выцер «культ асобы» (радасна, што ў мяне яго параўнальна мала!). У запісах — больш, асабліва ў жалобныя дні. І нельга сказаць, што я быў няшчыры тады.

Не буду выціраць або вырываць старонкі, прысвечаныя Сталіну. Шкада, што знішчыў іншыя выказванні, спалоханы правакацыйнай балбатнёй «сяброў», калі — у 1949 годзе — перапісваў, прыводзіў у парадак старыя запісы, дзе былі сённяшнія, цвярозыя думкі пра культ асобы, якія знаёмымі, маімі былі ўжо даўно.

У нашым літаратурным асяроддзі пануе атмасфера затхлай абыякавасці да лёсу сябра-пісьменніка, да лёсу літаратуры ў цэлым. Чаго варты быў адкрыты партыйны сход з дакладам Пестрака. Даклад гэты бюро рэдагавала датуль, пакуль у ім не засталіся, як аб'екты нападу, толькі тры чалавекі, якіх хварабліва ненавідзіць дакладчык, па якіх ён з асалодаю патаптаўся... А на тых, каго з даклада бюро «прынцыпова» выкрасліла, толькі бурчэў з аглядкай, не называючы імён, стрымліваючы свой рэвалюцыйны пафас. Большасць маўчала, а некаторыя «ў асноўным згаджаліся з добрым, грунтоўным» дакладам. Броўка з вышыні свайго старшынства напаў на Адамовіча: «Закрэсліванне ўсёй (!) беларускай паэзіі!. . » Бо той не пахваліў яго ў адным сваім артыкуле...

Адамовіч піша пра «Крыніцы» Шамякіна, слушна, тактоўна гаворыць пра белетрыстычную павярхоўнасць, якая сапраўды пагражае здольнаму пісьменніку. Хадкевіч невядома з якіх меркаванняў выступае ў абарону Шамякіна. Кіслік хлёстка лупцуе Хадкевіча. Шамякін і Хадкевіч лічаць сябе пакрыўджанымі. А Пестрак з усёй сур'ёзнасцю і тут, і там заяўляе, што цяпер, пасля яго даклада, уздымецца, і вось узнялася «бальшавіцкая прынцыповасць». Нудны, дробязлівы хаас, дзе найвыразней звініць струна: «Не чапайце толькі мяне!»