Янка Брыль
ПАРАСТАК
Запісы i эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Парастак. Запісы i эсэ, — Мінск: Про Хрысто. — 2006. — 104 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat. org
ЗАЛЕТАСЬ
Падумалася пра малога ў нейкай страшна складанай сітуацыі партызанскага часу:
«Сыночак, хлопчык мой, з табой адным засталася твая перадсмяротная туга!. . »
Пішу гэта, a ў памяці зноў яно, такое ўжо далёкае, з вясны сорак чацвёртага года... Пры ійне сустрэліся два партызаны з адной вёскі. Маладзейшы сказаў старэйшаму штосьці, чаго я не пачуў, а той спачатку моўчкі, вакол самога сябе вусцішна закруціўся на адным месцы — ад пачутага. Гэта яго стары нямоглы бацька i маленькі сын — забітыя!. . Паліцаямі, у белы дзень, каля роднай хаты...
Што «дробязі» — гэта не дробязі, зноў пераконваешся, правячы новае для публікацыі. Мала слоў — гэта яшчэ не азначае, што ix менш, чым трэба. Нехта такога проста не разумее, а нехта яшчэ i здзіўляецца. А яно ж само па сабе, без належных сумненняў ды пільнасці, не даецца.
Пасля элегантных томікаў серыі «Беларуская паэзія XX стагоддзя» — Танк, Куляшоў, Панчанка, — якія з прыемнасцю пагартаў, зрэдку перачытваючы любімае, мне прынеслі й прыстойна падрыхтаваны томік Броўкі. Зубаскальскае «піша лоўка», што ўжо абрыдзела ад танных паўтораў, аспрэчваецца вершамі, i добрымі, i неблагімі, якіх не абавязкова павінна быць многа.
А яшчэ ж i тое ўспамінаецца, што наша першая энцыклапедыя яму, паэту Броўку, залічваецца ў неаспрэчнае на роднай службе.
«Ну добра, ты вялікі, слаўны, але ж дай жыць, дыхаць, хоць дух перавесці побач з табой i камусьці другому, хоць бы i меншаму!. . »
Цераз Талстога, у запісе Макавіцкага, рускае народнае: «Сокрой чужой грех — два своих простится».
I самому думаецца: няўжо недасказанасць нечага — грэх? Павінна ж нешта i ў нябыт пайсці.
«Не дергайся!» — гавораць рускія таму, хто залішне мітусіцца, нервуецца... I сабе трэба так гаварыць, калі здаецца, што неабходна нешта рабіць, кудысьці паспець, пра штосьці не забыцца... А ты вось стары ды нямоглы, ты толькі чытаеш ды чытаеш, балазе сёе-тое знаходзіш сам або табе яго падсоўваюць...
Доўга не засынаў. A прачнуўся з прымаўкай, хутчэй за ўсё мамінай: «Доля — як стадоля, а шчасце — як заезджая карчма». Тут яшчэ трэба думаць, што да чаго...
Аў «Слоўніку гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча», i ў Насовіча, і ў тлумачальным гэтага няма.
Як баяўся Купала — пры Сталіне, i як баяўся Дубоўка — пасля Сталіна, пра што яшчэ як трэба не напісана.
Наведаўшы мяне пазаўчора, інтэлігентная зямлячка ўспомніла між іншым, як у іхняй местачковай школе былі ў модзе альбомчыкі, куды яны адно аднаму сёе-тое ўпісвалі, намалёўвалі, уклейвалі. Адзін з хлопцаў напісаў ёй вершам:
Пішу пісьмо — рука дрыжыць,
Гляджу ў акно — свіння бяжыць.
Ёй тым часам ужо шэсцьдзесят сёмы, а вось успомнілася зноў, бог ведама каторы раз. I смяецца.
А мне пазней падумалася пра тыя творчыя пакуты, чаго добрага, ужо й закаханага смаркача, i рамантыка, i рэаліста адразу.
«Я буду маліцца за вас», — кажа i Папа Рымскі, больш істотна не могучы дапамагчы ў бядзе.