Читать онлайн «Дзіцячы маніфест»

Автор Кірыл Стаселька

Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

У пошуках сябе

Аповесць

На шляху

Па звычцы хацеў узяць шпрыц правай рукой, але яна ўжо амаль не слухалася. Паспрабаваў зрабіць высілак і авалодаць ёю, але ўсё было дарэмна. Цяпер Андрэй перастаў адчуваць нават плячо, невядомая зараза прабіралася ўсё вышэй. Нарастала злосць, напружанне. Трывога пераходзіла ў паніку. Эмоцыі перапляталіся ў жудаснае павуцінне, якое не дазваляла думаць спакойна. Некалькі хвілін пастаяў, спрабуючы хоць трохі супакоіцца, але гэта ў яго не атрымалася. Таму, кінуўшы ўсялякія спробы, паклаў шпрыцы, адзін за адным, у левую кішэню (добра, што ў медыцынскіх халатах яны даволі шырокія) і выйшаў, не замыкаючы дзверы.

Была ноч. Святло з-за перасцярогі вырашылі не ўключаць. Таму давялося ісці навобмацак, абапіраючыся анямелай рукой аб сцены. Не чулася ні гуку. Хоць, хутчэй за ўсё, астатнія, гэтаксама як і ён, неўзабаве ціха разыдуцца па прызначаных пакоях. Што адчувалі цяпер яны? Магчыма, былі ў падобным стане, а магчыма, для некаторых з іх гэта было ўжо не ўпершыню. Андрэй падняўся па бакавой лесвіцы, прыступкі якой менш за ўсё рыпелі, на трэці паверх, і прайшоў да канца калідора. Прызначаны яму пакой знаходзіўся злева. З кожным крокам сэрца калацілася ўсё мацней. Ужо ля самых дзвярэй ягонае біццё адчувалася ва ўсім целе.

Ніхто ў пакоі не мог прачнуцца, бо кожнаму пацыенту клінікі далі моцнае снатворнае. Але ён як мага асцярожней адчыніў дзверы ды пракраўся ўсярэдзіну. З акна на чалавека, які спаў, падала цьмянае святло вулічнага ліхтара. Гэта быў адзін з тых маладых медыкаў, пра якіх распавядаў Франка. Усё ягонае тулава мела зялёны колер і свяцілася, як цыферблат гадзінніка з люмінесцэнтнай фарбай.

Ён важыў кілаграмаў трыста. Жалезны ложак ледзь трымаўся пад вагой цела маладога чалавека. Для яго ён быў такі маленькі, што рукі і ногі звісалі ў розныя бакі, амаль кранаючыся падлогі. Пры такім асвятленні відовішча было асабліва вусцішным.

Заціснуўшы карабок з запалкамі ў зубах, шоргнуў левай рукой ды запаліў невялікую свечку, што стаяла побач на століку. Як ні дзіўна, але цяпер рукі (дакладней, рука) не дрыжалі, сэрца перастала шалёна калаціцца, адчуваўся поўны спакой. Добра гэта ці дрэнна, Андрэй не ведаў. Асцярожна дастаў шпрыц. Вырашыў усё зрабіць як мага хутчэй, ні аб чым не задумваючыся. Аднак з першага разу трапіць у вену не змог, не атрымалася гэта і ў наступны раз. Праблема была не столькі ў дрэнным асвятленні, колькі ў нязграбнасці левай рукі. Ён звыкся ўсё рабіць правай, але цяпер яна зусім не слухалася. Да таго ж, рука маладога хлопца была настолькі тоўстай, што знайсці ў яго вену было надзвычай складана, бадай, немагчыма.

Твар чалавека выказваў ці то смяротную стомленасць ад усяго, што прыйшлося тут вытрываць, ці, хутчэй, стан, блізкі да поўнай абыякавасці. У думках Андрэя прамільгнула, як таўстун раптам прачынаецца і, спрабуючы яшчэ змагацца за сваё жыццё, сколатай шпрыцам рукой хапае за горла свайго ката. Калі яшчэ трохі памарудзіць, то цярпенне магло падвесці, а нядаўна дасягнуты спакой – знікнуць. Варта было перадыхнуць, на хвілінку прысесці ды сабрацца. Але ў пакоі не было іншай мэблі, апрача маленькага століка і ложка, на якім спаў малады чалавек. Сканцэнтраваўшыся, Андрэй зноў увёў іголку. Гэтым разам паспяхова.