Читать онлайн «Сказ пра залатое пёрка»

Автор Нил Гилевич

Ніл Гілевіч

СКАЗ ПРА ЗАЛАТОЕ ПЁРКА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Сказ пра залатое пёрка: Вершы — Маладэчна: Выдавецтва, 2005. — 64 с. , Бібліятэчка часопіса «Куфэрак Віленшчыны» № 10

Рэдактар: Міхась Казлоўскі

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

ЯК ЖА СТАЛАСЯ?

Не павераць, напэўна, нашчадкі,

Што такія былі ў нас парадкі,

Што дурнілі нас так верхаводы -

Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,

Нашых скарбаў і нашых святынь, -

Усяго, што мы ў душах пранеслі

Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,

Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,

А пад быдлам скацініцца быдла,

А пад хлусам крыўляецца хлус,

А пад злодзеем хмыліцца злодзей,

А пад лёкаем мыліцца лёкай,

А пад гнусам капогаыцца гнус,

А пад гэтым усім - беларус?

2002

А ПАВІННЫ, А МУСІМ...

Беларускую справу

Трэба, хлопцы, рабіць

Не цяп-ляп, а на славу.

Справу трэба любіць!

Цяпам-ляпам, паспешна,

Мы і цэлым гуртом

Не збудуем належна.

Беларускі наш дом.

А павінны ж, а мусім

Так яго збудаваць,

Каб майстроў Беларусі

Свет з'язджаўся вітаць.

А павінны, а мусім

Так свой гонар явіць -

Каб у дом Беларусі

Бог зайшоў блаславіць.

2002

ПАЧУЙЦЕ!

Магчыма, і гэты мой кліч

Далёка не дойдзе: заглохне

У нетрах муроў-камяніц,

У зараслях чортапалоху.

Магчыма... I ўсё-ткі, і ўсё ж:

- Пачуйце! Пачуйце! - гукаю. -

Імперцы прыставілі нож

Да горла няшчаснага краю!

Пачуйце ж, о дзеці зямлі,

Што ваша павек, і не дайце,

Не дайце, каб род наш звялі

Антыхрысты і запраданцы!

2002

АДНАМУ З НІЦЫХ

Чаму ты радуешся, ніцы раб?

I што жабрачым пафасам вітаеш?

Пагібелі сваёй дзяржавы рад?

На згубу Бацькаўшчыны гімн складаеш ?

Які ж ты ўсё-такі са смердаў смерд

I з халуёў халуй! Якая ганьба!

У тых, што гоняць Беларусь на смерць -

Плюгавы, да агіды, памагайла!

Знай, лёкай, рады хамуту-ярму:

Я прозвішча тваё з радзімых гукаў

Не называю тут адно таму,

Што мне шкада тваіх дзяцей і ўнукаў.

2002

ПРАКЛЁН

Будзьце пракляты вы, каты свабоды!

Вы, што душылі і душыце нас!

Вы, акупатары нашай гасподы,

Нашых багаццяў і нашых украс!

Будзьце пракляты і вы, запраданцы,

Лёсам народу майго гандляры!

Юдавы выблядкі і ўзгадаванцы!

Брудных і блудных таргоў махляры!

Будзьце пракляты і вы, вырачэнцы

Мовы і духу бацькоўскай зямлі!

Вы, надзіманыя пыхай нікчэмцы,

Волі і хэнці чужой халуі!

Гэта з крыжа я крычу вам, распяты

Горам народа і болем маім.

Будзьце пракляты вы! Будзьце пракляты!

Сёння і заўтра й вавекі! Амін!

2002

БАЛАДА ПРА ПАСЛАННЕ АД КАСТУСЯ

Чакалі год, чакалі два -

На абяцанках трын-трава.

Чакалі тры гады, чатыры -

Да торбы торбу прычапілі.

Чакалі пяць, чакалі шэсць -

Ужо смыліць, курыцца шэрсць.

Чакалі сем, чакалі восем -

Ужо на латах латы носім... "

Так плача й плача Беларусь,

I гэты плач пачуў Кастусь

I ў Божы Храм ва ўрочны час

Прыслаў з архангелам наказ:

"Канчайце хныкаць, дзецюкі!

Калі вам здзек і глум такі

Не пранізаў душу наскрозь

За гэтых восем год - дык вось:

I дзевяць-дзесяць праміне,

I дваццаць-трыццаць праміне -

I ўсе вы дойдзеце ў ярме

I згасне долі вашай зніч, -

Калі забудзеце мяне

I мой з-пад шыбеніцы кліч".

2002-2003

ДЫК ХТО МЫ?

Мова! Ёй роўных у свеце няма -