Читать онлайн «Гісторыя аднаго злачынства»

Автор Вінцэсь Мудроў

Вінцэсь Мудроў

ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЗЛАЧЫНСТВА

Апавяданьні і аповесьць

Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Гісторыя аднаго злачынства. Апавяданьні і аповесьць, — Мінск: Бібліятэка часопіса Маладосьць, 1993.

Copyright © 2015 by Kamunikat. org

Апавяданні

Міша з прастрэленым вухам

Узьбягаючы па прыступках, Сьцяпан падняў галаву і ўбачыў валасатыя ногі Нінэль Міхайлаўны. Начальніца стаяла на лесьвічнай пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі і, мяркуючы па ўсім, некага прабірала.

Гадзіньнік паказваў палову адзінаццатай. Каб не сустракацца з начальніцай такім нязручным часам, Сьцяпан зьбег на другі паверх, разгарнуў «Советскую Белоруссию» і, пазіраючы між радкоў, прыслухаўся.

— Пра несуноў матэрыял падрыхтавалі? — пыталася Нінэль Міхайлаўна пераселым ад курава голасам, і ў адказ ёй пачулася запабежлівае лепятаньне асыстэнткі Барановіч.

— Жук затрымлівае... колькі разоў казала... – лепятала Барановіч, і Сьцяпан, пачуўшы сваё прозьвішча, брыдка вылаяўся.

На свой паверх ён дабіраўся запасным ходам. У левым крыле рэдакцыйнага будынку вось ужо другі год нешта рамантавалі, і запасны ход быў застаўлены розным малярскім начыньнем. Падымаючыся па лесьвіцы, Сьцяпан зачапіўся нагою за бочку з вапнаю, выцяўся лобам аб козлы, а выбраўшыся з гэтага хломазду, доўга абабіваў штаны, са злосьцю плюючы на далоні. Замкнуўшы пазычаным на вахце ключом дзьверы запаснога ходу, ён паправіў гальштук, з турботлівым выглядам на твары рушыў па калідоры.

Навокал дзынкалі тэлефоны, кляцалі друкаркі, з жаночай прыбіральні далятаў вясёлы сьмех, а з прачыненых студыйных дзьвярэй на калідорны прасьцяг вырываліся зыкі, якія спачатку насьцярожылі, а потым насьмяшылі. Там, за дзьвярыма, нехта пакутліва ўздыхаў, жаласьліва вохкаў і бразгаў шкляным посудам. Сьцяпан зазірнуў у студыю і ўбачыў карэспандэнта абласнога радыё Сяргейчыка. Той сядзеў за мантажным сталом, пакутліва вохкаў і дрыжачай рукой наліваў у шклянку мінскую №2. На карэспандэнтавым твары ляжаў цень пахмельнай хваробы. Сьцяпан кашлянуў, працяў Сяргейчыка гіранічным позіркам, і калега, глынуўшы мінэралкі, зашэрхлым голасам прамовіў:

— На раён езьдзілі.

Да Цярэнція Пракопавіча.

Цярэнцій Пракопавіч Бядак, старшыня прыгараднай гаспадаркі «Шчасьлівы быт», у якога некалі невылазна сядзелі карэспандэнты, даўно ўжо нікога не частаваў, і Сьцяпан зь недаверам зірнуў на калегу.

— Немцаў суправаджалі. Немцы шпрыцы ў больніцу прывезьлі. Вось Бядак і раскалоўся.

Карэспандэнт керхануў, прачышчаючы глотку, і кіўнуў на тэлефон:

— Цябе тут начальства шукала.

— Хто? Нінка?

— Бяры вышэй. Сам Бацька тэлефанаваў. Загадаў, каб заўтра быў матэрыял па рэфэрэндуме.

— Як заўтра? Я ж на чацьвер стаю... – прамармытаў Сьцяпан, прысеўшы на край стала.

— Заўтра! — гыркнуў Сяргейчык, імітуючы Бацькавы голас. – Перадача на Маскву ідзе. Праграма «Саюз». Чуў пра такую?

— Чуў, — выдыхнуў Сьцяпан, прыкусіўшы ніжнюю губу.

— У мяне цесьць у Бараўлянах ляжыць, у шпіталі. Заехаў днямі... піхнуў ім мікрафон пад нос, дык яны мне дзьве касэты нагаварылі, — Сяргейчык хукнуў у жменю, глынуў мінскай №2.