Читать онлайн «Кіб загаварыў апоўначы»

Автор Владимир Шитик

Уладзімір Шыцік

Кіб загаварыў апоўначы

Апавяданне

Таў Кіта адсюль, з адлегласці ў мільярд кіламетраў, выглядаў нават меншым, чым Сонца з Зямлі. Але ўдзень ён палаў надзвычай ярка, і яго святло мякка клалася на горы, што высокай сцяной акружалі невялікае плато, выбранае Антонам Галаем для свайго лагера. Тады і ў скафандры, які меў тэрмаізаляцыю, было горача. А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах рушацца скалы, скаланаючы ваколіцы магутнымі абваламі.

Адзнак жыцця на гэтай знешняй планеце сістэмы Таў Кіта Галай не знайшоў. Ён абляцеў яе некалькі разоў, пакуль выбраў месца для пасадкі, і ўсюды былі толькі шэры пясок ды такія ж шэрыя, попельнага адцення горы.

Таму планета і атрымала сваю назву — Попельная.

Апынуўся Галай на Попельнай невыпадкова. У апошні час многія касманаўты, вылятаючы за межы Сонечнай сістэмы, пачалі прымаць невядомыя радыёсігналы. Найбольш верагодная крыніца іх таілася ў раёне зоркі Таў Кіта, якая мела некалькі планет. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Гэта было падобна на праўду, бо на дзвюх-трох планетах сістэмы маглі існаваць умовы для жыцця. I калі на Зямлі былі створаны касмічныя караблі, здольныя пераадольваць прастору ў адзінаццаць светлавых гадоў, было вырашана паслаць экспедыцыю да Таў Кіта. Базу для яе на адной з незаселеных планет і меўся стварыць Антон Галай.

Рухомыя робаты, паводле загадзя дадзенай праграмы, хутка сабралі жытло і дапаможныя памяшканні. К канцу першага дня на плато ўжо ўзвышаўся домік, у якім Галай мог адчуваць сябе нібы на Зямлі, а нястомныя робаты з кібернетычнай праграмай, або проста кібы, як іх ласкава называлі касманаўты, занялі пазіцыю на пастах вакол лагера.

Галай не чакаў небяспечных наведвальнікаў, не чакаў і якой-небудзь пагрозы, але такое было правіла для кожнага касмічнага дэсанта.

Першая ноч прайшла спакойна, і з раніцы Галай на ўсюдыходзе аб’ехаў бліжэйшыя ваколіцы. Горы цягнуліся далёка-далёка, як хапала вока. Голыя, скалістыя, пахмурыя, і ніякіх адзнак чаго-небудзь, што магло б парадаваць позірк разнастайнасцю, уласцівай многім іншым планетам, на якіх пабываў ён раней, хоць яны таксама былі пазбаўлены жыцця.

— Ты, стары, апынуўся тут не дзеля таго, каб цешыцца прыгожымі краявідамі, — уголас прамовіў сам сабе Галай.

Кіб, які суправаджаў яго, сур’ёзна зазначыў:

— Мы прыехалі працаваць.

Галай засмяяўся і павярнуў да базы. Перад сном ён яшчэ раз уважліва праверыў паказанні аўтаматычных установак і лабараторый і паслаў справаздачу начальніку экспедыцыі. Шэсць разоў павернецца Попельная вакол сваёй восі, пакуль паведамленне дасягне раёна, дзе чакае яго сігналу падрыхтаваная для скачка экспедыцыя. Пасля міне яшчэ дзесяць мясцовых сутак, і яго адзіноцтва скончыцца. Атрымаўшы вестку, зоркалёт перамесціцца да Попельнай. Галай чакаў гэтага моманту не таму, што адзінота прыгнятала яго: да яе ён прывык за многія гады вандравання ў пустых і бязмежных касмічных прасторах. Але ён не выносіў бяздзеяння, такога, як тут, дзе ўсё за яго рабілі аўтаматы, а ён быў нібы наглядчыкам пры іх. З прыкрай думкай, што мусіць яшчэ чакаць і чакаць таварышаў, Антон і заснуў.