Читать онлайн «Запіскі Самсона Самасуя»

Автор Андрей Мрый

Андрэй Мрый

Запіскі Самсона Самасуя

Я скажу ўсім, хто гэтага пачаў-бы дамагацца, што я — сучасны чалавек. Маё імя Самсон Самасуй.

Я з мужыкоў.

Мой бацька, дзед, прадзед, прапрадзед, прапрапра... і г. д. усе былі мужыкамі. Я надзвычайна гарды тым, што маю мужыцкі твар і асабліва нос у форме бульбы. У залежнасьці ад гэтага і розум мой ёсьць розум выразна мужыцкі. Мне могуць сказаць, што няма такой катэгорыі, як мужыцкі розум, а я скажу, што ў мяне толькі такі і ёсьць.

Далей сьмела ўсім заяўляю, што бацька мой ня кулак. Даю фактычную даведку.

Дзьве каровы, конь, жаробка, сьвіньня, здаецца, 4 ці 7 прадстаўніц курынага роду, хата з трыма вакешкамі, ды яшчэ рознае не стандартызаванае хаўбосьце. Такім чынам, па эканамічнай адзнацы майго бацьку ніяк нельга залічыць да ганебнага стану кулакоў. А з пункту гледжаньня ідэялёгіі, дык ня ведаю, як зарэгістраваць яго. Хто можа аб гэтым упэўнена сказаць, калі, як кажа мой прыяцель, філёзаф Торба, заблытана чалавечае жыцьцё, і няма ў ім строга акрэсьленай намэнклятуры.

Другі мой прыяцель, настаўнік Цыба, сказаў мне, што мой бацька, магчьма, і ёсьць кулак, бо пытаньне аб прыналежнасьці да гэтага заалягічнага тыпу вырашаецца часта ня лікам кароў ці коняй, а настроем і экспляататарскай чыннасьцю. Вось гэта як у сук улеплена.

Пра сябе скажу, што іншы раз я вельмі абураны ангельскімі імпэрыялістымі, здаецца, горла ім перарэзаў бы, а ў другі раз салодка мару аб прынадах буржуазнага жыцьця.

Так салодка мару, што пасьля і самому сорамна робіцца. Нават чырванею. Мой лепшы сябра, настаўнік Мамон, жартуючы кажа:

— У цябе ўсё мужыцкае, а пуза панскае!

«І праўда!» — думаю я і хачу высьветліць прычыны гэтага. Знаходжу толькі адно тлумачэньне для гэтай дыспрапорцыі: прырода вядзе гандаль з маім целам — яна дае мне сыр, масла, хлеб, розныя іншыя карысныя й некарысныя фэрмэнты (ня ведаю, ці можна так гаварыць: у мяне нейкі пал да чужаземшчыны). У замену за гэта прырода адбірае ад мяне зусім нявартыя для мяне рэчы, за якія ніхто і шэляга ня дасьць. І вось гэты гандаль з прыродай выклікае ў мяне такую пярэстую рознастайнасьць маіх настрояў, эмоцыяў, хаценьняў, жаданьняў, перажываньняў.

Адна ня вельмі разумная жанчына, якую я аднойчы ў вочы назваў індыйскім просам дурро, атэставала мяне, як дэклясаванага мешчаніна. Зразумела, гэта зусім ня так. Гэта назва выклікана помстай за маю досыць удалую атэстацыю. Праўда, памянёны філёзаф Торба адзначыў мяне, як клясава нявытрыманага байца, сказаў мне, што я неўраўнаважаны (а ён ураўнаважаны?) чалавек. Няхай сабе так. Скажу толькі, што я сам лічу сябе сучасным і здавальняюча-разумным чалавекам, хоць павінен зь вялікай неахвотай памянуць пра шапялёўскіх яўрэяў, якія пад нос завуць мяне «мішугэнэ». І гэта ня гледзячы на тое, што я ў райвыканкоме ў сваіх руках трымаю важныя спрунжыны культуры і ведаю, што раблю!

Пра мінулае маўчу.

Скажу толькі: я бывалы чалавек.

Мяне матка часта ўпікае:

— Трынку, валынку, сьвету палавінку аб'езьдзіў, сьвет абкалаціў, ды сюды вараціў!

Некалькі разоў сядзеў я пад арыштам і карміў сваёй чырвонай кроўю блох ды іншых шасьцікрылых і шасьціногіх херувімаў і сарахвімаў. Ды і не магло быць інакш з маім тэмпэрамэнтам.