Читать онлайн «Нядоля Заблоцкіх»

Автор Лукаш Калюга

Лукаш Калюга

Нядоля Заблоцкіх

(Прыгоды і летуценні)

Аповесць

Частка I

— Такі ж нешта робім?

— Каб мы не ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі.

З даўнейшых «казалаў»

I

Край свету чулі пра Заблоцкага. Ведаюць, што з мылам быў заняўся гэты чалавек. Ведаюць, што не заработак, а ўтрата ў яго на гэтым тавары выйшла.

Усюды Заблоцкі вядомо.

Усюды Заблоцкага за свайго чалавека маюць.

Самае першае — як зваўся чалавек. Дрэнь тое мыла, што ён прадаў. Прадавалі мыла да Заблоцкага, прадаюць і цяпер, пасля яго.

Другое: што ён быў за чалавек? Чаму так прыспела Заблоцкаму на мыле, а не на чым іншым сабе заработкі знайсці? Што яго ў гандлёўства пусціцца прымусіла? І гэта ведаць трэба канечне. Але адложым яго на далей. Скажам толькі:

Кожнаму Заблоцкаму прыйшлася адменная доля. Усякі з іх свой талент і сваю ганьбу меў. Толькі не карысць з гэтага была ім, а згуба. Стары Заблоцкі — Юстапаў і Вінцэнтаў бацька, а Пархімаў дзед — быў спрадвечны гаспадар.

Сам ён быў чалавек старасвецкі, ды імя сабе меў старасвецкае. Зваўся дзед Заблоцкі так, як мала хто цяпер завецца — Савэрын. Ні цяслярства, ні бандарства — ані нічога, акрамя зямлі, не ўмеў рабіць ён. Ніякага начыння, акрамя сахі з цэпам, не ўмеў Савэрын трымаць у руках. Так даўно ён жыў на свеце, што тады яшчэ плугоў і не зналі людзі. А з Савэрынавых сыноў адзін Юстап трымаўся бацькавага таленту. Вінцэнты ж меншы, ад другой жонкі Савэрынаў сын, музыкам удаўся. З Савэрынавымі ж унукамі было яшчэ горш: Савоста ў пісары пайшоў, а Пархіма ў гандаль павяло. Так здаўна шчапаліся Заблоцкія на дзве палавіны. Вілаватая ім у жыцці траплялася дарога.

Пакуль жыў Савэрын, пакуль Заблоцкія ў кучы жылі ў аднэй хаце, было і хлеба даволі, і скорам ніколі не зводзіўся ў іх. Тады ў іх хаце быў стары бацька і было яшчэ без бацькі двух роўных, здаровых мужчын. Нявесткі — Юстапава Прузына і Вінцэнтава Разэля — з дзяцьмі тут не ў лік, хоць, праўда, у аднэй Прузыны толькі было два хлапчукі, а Разэлю, як Вінцэнты казаў:

— Крыў бог ад гэтага няшчасця, ад іх крыку, ляманту.